Святлану Лупач затрымалі ўноч на 1-га траўня на адной з аграсядзібаў у Глыбоцкім раёне, дзе яна адпачывала з сябрамі. Першапачаткова ў пастарунак забралі ўсю кампанію, але да раніцы адпусцілі ўсіх, апрача Святланы. У яе забралі тэлефон і па выніках праверкі склалі пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне.
Суддзя Глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч 3-га траўня пакараў жанчыну спачатку 10-цю суткамі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пасля гэтага, ужо за кратамі, на яе склалі яшчэ адзін пратакол і асудзілі да штрафа памерам 25 базавых велічыняў. Адбыўшы арышт, на волю Святлана не выйшла, яе перавялі ў віцебскі СІЗА-2, прад'явіўшы абвінавачанне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Падставай для гэтага сталі фотаздымкі з мінскіх пратэстных акцый 2020г., знойдзеныя ў мабільным тэлефоне.
Святлана – дачка вядомага незалежнага журналіста Змітра Лупача, які з прычыны пераследу за прафесійную дзейнасць быў вымушаны з'ехаць з Беларусі ў ліпені 2021-га года. Ен расцэньвае пераслед сілавікамі сваёй дачкі як помсту за прафесійную дзейнасць.
Яніна Мурына