Андрэю Гайдукову, які адбывае пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 19, дазволілі кароткатэрміновае спатканьне зь сям’ёй. Пра гэта паведаміла яго маці Вольга Гайдукова: «Крыху лепш сталі ісьці лісты. Мы таксама стэлефаноўваемся дзесьці раз на 10 дзён. У прынцыпе ён трымаецца нармальна. Чакаем, калі вернецца дадому”, - сказала яна.

Маці палітвязьня Ігара Аліневіча сустрэлася зь ім у турме. «Доўгатэрміновае спатканьне» адбылося 24 сьнежня і працягвалася менш за суткі. У інтэрвію сайту charter97.org Валянціна Аліневіч распавяла пра ўмовы ўтрыманьня свайго сына.

Леанід Гаравы, актывіст руху “За свабоду” з Гарадка, сябар БСДП (Грамада) накіраваў скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў турмы №4 Магілёву наконт абмежаваньня права палітвязьня, экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча на ліставаньне. Падставай для падрыхтоўкі скаргі стала паштоўка ад Мікалая Статкевіча з паведамленьнем, што папярэдні ліст актывіста не прайшоў цэнзуру.

«У мяне ўсё па-старому. Зэк сядзіць – тэрмін ідзе. Неўпрыкмет я падбіраюся да піку і празь месяц пакачуся ўжо з горкі. Спадзяюся, што мая чалавечая адсутнасьць кампэнсуецца вашай актыўнасьцю. Трымайцеся і не апускайце рукі. Да сустрэчы», – гэтак напісаў кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, які адбывае пакараньне ў бабруйскай папраўчай калёніі №2, віцебскаму праваабаронцу Леаніду Сьвеціку.

Палітвязень Алесь Бяляцкі намінаваны на прэмію «За свабоду», заснаваную парлямэнтам Летувы, паведамляе летувіскае выданьне Lietuvos rytas. Варта адзначыць, што інфармацыя пра тое, што кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», магчыма, атрымае прэмію, зьявілася ў летувіскіх мэдыях у 10-ю гадавіну пазбаўленьня беларускімі ўладамі арганізацыі, якую ён узначальвае, юрыдычнага статусу.