Беларусь цягам некалькіх стагодзьдзяў культурна і духоўна адукоўвала Расею. Пра гэта нагадаў палітвязень Павал Севярынец, камэнтуючы заяву Лукашэнкі аб тым, што беларусы належаць да расейскай культуры і цывілізацыі: «Безумоўна, частка гістарычнай праўды тут ёсьць. Вельмі шмат этнічных беларусаў зрабілі свой унёсак у расейскую літаратуру».

Старшыня КДБ Валер Вакульчык ня вытрымаў. «Шпіёнская справа», якую з такой радасьцю вёў КДБ у дачыненьні да апэратара наваполацкага «Нафтану» Андрэя Гайдукова, падобна, скончылася. Замест яе будзе нейкае іншая справа. Пра гэта Вакульчык заявіў 19 чэрвеня журналістам.

13 чэрвеня ў судовае паседжаньне па справе Андрэя Гайдукова выклікалі сьведак. «Гэта былі людзі ў міліцэйскай форме», — сказаў праваабаронца Павал Левінаў. Вольга Гайдукова паведаміла, што суд над яе сынам будзе працягнуты ў панядзелак, 17 чэрвеня. Так ёй сказалі адвакаты Андрэя Гайдукова. Яны паведамілі, што хлопец трымаецца спакойна, але па-ранейшаму не зусім здаровы: гаварыць ня можа праз кашаль. У наступны панядзелак працягнуць дапытваць сьведкаў. У прыватнасьці, у якасьці сьведкі ў суд выкліканы жыхара Наваполацку Ільля Багданаў.

12 чэрвеня Віцебскі абласны суд пачаў разглядаць справу Андрэя Гайдукова, 23-гадовага навапалачаніна, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве». Суд закрыты. На працэс не дапушчаныя ні журналісты, ні праваабаронцы. Кіраўніцтва РГА “Беларускі Хэльсынскі камітэт” афіцыйна прасіла старшыню абласнога суду дапусьціць Паўла Левінава да працэсу над Гайдуковым, аднак праваабаронцу ў гэтым было адмоўлена без тлумачэньня прычын. Маці Гайдукова, якая жыве ў Полaцку, у суд не прыехала. Як лічыць Левінаў, гэта можа быць зьвязана з тым, што на жанчыну аказваюць ціск, запалохваючы яе.

Лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч, кіраўнікі руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, Юрась Губарэвіч і намесьнік каардынатара кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзьмітрыеў у сваіх паездках па Берасьцейскім рэгіёне наведаюць Паўла Севярынца. Паводле слоў Аляксея Янукевіча гэта будзе ня толькі сустрэча на знак салідарнасьці, але і размова на важныя тэмы.