Праблемы з працай у актывіста пачаліся пасьля 15-суткавага арышту за Плошчу 2010 году. Да красавіка 2012 году ён даглядаў сваю хворую маці, а пасьля таго, як маці памерла, яго не хацелі нідзе ўладкоўваць на працу. У рэшце рэшт, ён уладкаваўся грузчыкам на камбікормавы завод. Але ціск на яго не спыніўся. 2 ліпеня 2013 году раённыя ўлады, баючыся яго актыўнасьці на афіцыйны дзень Незалежнасьці, прымусілі дырэктара заводу паставіць актывісту дзьве працоўныя зьмены запар.
У выніку з-за праблемаў са здароўем Сяржук Васільеў быў вымушаны звольніцца і ўладкавацца на працу ахоўнікам у краму. Аднак пасьля таго, як ён стаў прамоўцам БХД падчас мясцовай выбарчай кампаніі 2014 году, калектыў крамы прымусілі напісаць, што яны яму не давяраюць, і яго звольнілі. І гэта нягледзячы на тое, што, абараняючы маёмасьць крамы, актывіст перад гэтым пацярпеў ад злачынцы.
Сяржук Васільеў зноў уладкаваўся на працу грузчыкам. Але з-за праблемаў са здароўем дактары забаранілі яму падымаць больш за 5 кіляграмаў. Паводле кантракту яго перавялі ў пункт другаснай сыравіны вартаўніком. Але працуе ён там толькі да 10 красавіка 2015 году, калі заканчваецца кантракт.
У размове з старшынём райвыканкама Кузьняцовым апошні прагаварыўся, што ўсе праблемы з працай Васільеў мае з-за сувязяў з апазыцыяй. «Вы ж самі ўсё разумееце», – дадаў ён.
Пра тое, што праз апазыцыйную дзейнасьць актывіст нібыта шкодзіць Беларусі, заяўляў і начальнік раённага аддзелу адукацыі, намякаў на гэта і галоўны ідэоляг.
«Гэта ня проста перасьлед, гэта зьдзекі. Зь мяне фактычна зрабілі палітбамжа», – адзначае Сяржук Васільеў.