Падобная праблема ўзьнімалася ўжо ў 2014 годзе. Тады пад пэтыцыяй на імя колішняга старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца падпісалася больш за 1200 чалавек. Уладам прыйшлося прыслухацца да народнага меркаваньня і забараніць продаж алькагольных напояў на Віцьбе. Але сёлета там зноў пачалі прадаваць гарэлку, каньякі ды іншыя моцныя напоі. У аматараў актыўнага адпачынку гэта выклікала справядлівае абурэньне – зноў была створаная пэтыцыя.
“Асобы ў стане алькагольнага ап'яненьня знаходзяцца ля вадаёмаў і катаюцца на прагулачных катэрах, што зьяўляецца парушэньнем правілаў бясьпекі паводзін на вадаёмах… перашкаджаюць езьдзіць раварыстам, ролерам па дарожках. Мяркуем, што расьпіцьцё сьпіртовых напояў у парку перашкаджае нармальнаму і спакойнаму адпачынку грамадзян”, – гаворыцца ў пэтыцыі.
Яе аўтары і падпісанты просяць “зрабіць захады па забароне гандлю і ўжываньня алькагольных і слабаалькагольных напояў, у тым ліку піва, на тэрыторыі парку культуры і адпачынку імя Фрунзе, разьмешчанага на набярэжнай ракі Віцьба”.
“І навошта мы сюды прыйшлі?..”
Такая актыўнасьць праціўнікаў алькаголю не засталася незаўважанай уладамі – яны запрасілі актывістаў на сустрэчу. Што праўда, арганізавалі яе ў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну, а не ў гарвыканкаме, што было б больш лягічна, бо пэтыцыя была накіраваная на імя мэра Віктара Нікалайкіна. Чаму так, стала зразумела ўжо на самым пачатку.
“Я не магу прымаць рашэньні, гэта знаходзіцца ў кампэтэнцыі гарадзкіх уладаў”, – заявіў на сустрэчы кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Сяргей Сташэўскі.
Таму адразу стала зразумела, што падчас сустрэчы ніякіх канкрэтных рашэньняў прынята ня будзе. “Навошта мы сюды наогул прыйшлі? Пустая гаварыльня”, – скажа ўжо пасьля сустрэчы адзін зь яе ўдзельнікаў.
“П’юць? Дык на гэта глядзець прыемна!..”
Што тычыцца самой дыскусіі, то яна была эмацыйная. Выступалі і праціўнікі, і прыхільнікі алькаголю на Віцьбе. У кожнага – свае довады і аргумэнты. Вялікую актыўнасьць праяўлялі прадстаўнікі арганізацыяў, якія займаюцца продажам алькаголю ў намётах на рацэ Віцьба. Сярод прыхільнікаў продажу быў, напрыклад, і дырэктар ФК “Віцебск” Мікалай Вайцюхоўскі. Адна з кропак, якая гандлюе ў парку алькаголем, належыць менавіта мясцоваму футбольнаму клюбу.
“Як гэта так, піць нельга? Чаму піць нельга? Мне вельмі прыемна, калі бабулі-сяброўкі прыходзяць увечары, бяруць 50 грамаў шашлыку і 50 грамаў каньяку ды проста сядзяць і гутараць. Дык на гэта глядзець прыемна!” – гучна абуралася прадавачка з кавярні на Віцьбе.
Яе апанэнты спасылаліся на статыстыку, згодна зь якой Беларусь займае першае месца ў сьвеце па спажываньні алькаголю, і заклікалі ўлады думаць ня толькі аб прыбытку, але і пра здароўе грамадзян.
“Выпіць халоднага піўка на прагулянцы”
“Зрабіце лепей, каб мужчыны займаліся спортам, каталіся на роварах. Давайце зробім у горадзе хаця б адно месца, дзе будзе панаваць толькі здаровы лад жыцьця”, – зьвяртаўся да ўладаў адзін з актывістаў.
Кіраўнік адміністрацыі Сяргей Сташэўскі так канкрэтна і ня вызначыў сваю пазыцыю. Заявіў, што разумее абодва бакі канфлікту, але пры гэтым заўважыў, што ня супраць выпіць халоднага піва падчас прагулянкі зь дзецьмі.
Уладзімер Бяляўскі