Пятніца, 01 Лістапад 2024

Газета «Витебские вести» параўнала «методы ведения идеологической войны немецко-фашистскими захватчиками» і дзеянні «сучасных экстрэмістаў»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Журналіст газеты Яўген Карпас, прыгадваючы «нямецка-фашысцкіх захопнікаў», відавочна падмяняе гістарычныя факты: піша пра Беларускую краёвую абарону – вайсковае фармаванне, створанае ў 1944 годзе, і пра Саюз беларускай моладзі, створаны ў 1943 годзе. І настойвае, што «асобы, якія імкнуцца раз'яднаць беларускае грамадства», дзейнічаюць па тых самых прынцыпах і нават пад тымі самымі лозунгамі. Аднак прыклады журналіста сведчаць пра іншае.

Так, Яўген Карпас згадвае «татальную мілітарызацыю», неабходнасць якой «тады як і цяпер» тлумачыцца «нібыта пагрозай з Усходу». Аднак мілітарызацыю, якая гвалтоўна прасоўваецца ў беларускім грамадстве, прапагандуюць якраз-такі дзяржаўныя ўлады. Таму ў моладзевым асяродку праводзяцца рознага кшталту вайсковыя гульні і спаборніцтвы, паўсюдна ствараюцца вайскова-патрыятычныя клубы, склікаюцца вучэбныя зборы і ствараюцца войскі тэрытарыяльнай абароны. І тлумачыцца гэта «пагрозай з Захаду». Так што галоўны аргумент праўладнага журналіста выглядае непераканаўча.

Астатняе аргументацыя з кампелятыўная і ўжо даўно абвергнутая беларускімі гісторыкамі. Спасылаючыся на намесніка начальніка аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці Уладзіслава Нарыжнага, журналіст Яўген Карпас згадвае заезжаныя «аргументы» пра лозунг «Жыве Беларусь» і «бело-красно-белую символику белорусских коллаборационистов, уничтожавших свой народ в годы Великой Отечественной войны». І цытуе словы работніка пракуратуры пра тое, што «немецкая администрация делала ставку на националистические формирования и создаваемые ими союзы, как основу идеологического разобщения русской общности». Што такое «русская общность» і адкуль яна ўзялася ў Беларусі, не тлумачыць, ні аўтар артыкула, ні прадстаўнік абласноў пракуратуры.

З усяго прапагандысцкага «набору», зваленага ў кучу ў адным прапагандысцкім артыкуле, выразна відаць толькі адно: у чытачоў абласной газеты спрабуюць выклікаць негатыўнае стаўленне да ўдзельнікаў пратэстаў 2020 году, якія выходзілі на маршы пад нацыянальнымі сцягамі. Бо набліжаюцца наступныя прэзідэнцкія выбары.

Сяргей Мезенцаў