Віцебскі актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка мяркуе: камітэт па правох чалавека ААН не падтрымаў яго скаргу, таму што “Захад дэградуе”. “Эўропа адмовілася ад сваіх нацыянальных і хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, менавіта таму ў ААН мяне не падтрымалі”, — так пракамэнтаваў Каваленка адмову Камітэту па правох чалавека (КПЧ) ААН прызнаць факты парушэньня беларускай дзяржавай яго грамадзянскіх і палітычных правоў.

Нязьменны шматгадовы дырэктар міжнароднага фэстывалю “Славянскі базар у Віцебску”, дырэктар Цэнтру культуры “Віцебск” Радзівон Бас падаў 1 сакавіка заяву аб звальненьні. Адначасова зь ім падала заяву на звальненьне і галоўны бухгальтар установы. На думку віцебскіх прадстаўнікоў грамадзкасьці, неўзабаве могуць быць і іншыя заявы аб звальненьні, паведамляе ІА Regnum.

Абласны каардынатар Руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў зьвярнуўся ў Міністэрства ўнутраных спраў з просьбай абавязаць кіраўніцтва мясцовай міліцыі выконваць заканадаўства. “Я прашу абавязаць кіраўніцтва Ўпраўленьня ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму надалей няўхільна выконваць патрабаваньні заканадаўства аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў і заключыць са мной дамову аб ахове грамадзкага парадку падчас правядзеньня масавага мерапрыемства 25 сакавіка ў Віцебску”, – адзначае мясцовы кардынатар руху.

Сябра нацыянальнай рады аргкамітэту БХД Уладзімер Сіманковіч у межах кампаніі “Рада народных дэпутатаў” сабраў 30 подпісаў пад скаргай у Віцебскі гарвыканкам. “У сувязі зь нездавальняючым станам падземнага пераходу па праспэкце Маскоўскім, скрыжаваньні з вуліцай Церашковай і вуліцай П. Броўкі, ініцыятыўная група грамадзян зьвяртаецца з просьбай аб садзейнічаньні гарадзкога выканаўчага камітэту ў рамонце ўсіх лесьвічных маршаў, якія вядуць да ўсіх выхадаў вышэйназванага аб’екту”, - гаворыцца ў скарзе.

УУС Віцебскага аблвыканкаму ладзіць праверку па факце скаргаў, што паступілі ад Максіма Гайкова, Тацьцяны Быкавай і Алега Квяцінскага ў адказ на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў падчас рэйду на ЛГБТ-вечарыну ў віцебскім клюбе «21 стагодзьдзе» ў ноч з 12 на 13 студзеня. Цяпер актывістаў пачалі выклікаць ва УУС у мэтах дачы тлумачэньняў па прад’яўленых імі скаргах ў пракуратуру.