25 верасьня раніцай адбыўся пажар на складзе ААТ «Арэхаўскі льнозавод» ў Аршанскім раёне. Агнём зьнішчаны 50 тон ільнотрасты. Пацярпелых няма. На месца здарэньня неадкладна прыбылі супрацоўнікі падразьдзяленьняў МНС. Удалося выратаваць большую частку сыравіны - 720 тон. Прычына ўзгараньня і нанесеная шкода ўстанаўліваюцца. Расьсьледаваньнем займаецца Сьледчы камітэт: спэцыялісты апытваюць відавочцаў, працуе крыміналістычная лябараторыя.

Сьледчым камітэтам Рэспублікі Беларусь узбуджаная крымінальная справа па факце гібелі рабочых ААТ «Белэнэргарамналадка» падчас вытворчасьці рамонтных работ на Наваполацкай ЦЭЦ. Сьледчымі праведзены шэраг аглядаў на прадпрыемстве. У цяперашні час ажыцьцяўляецца выманьне дакумэнтацыі, вядуцца допыты спэцыялістаў ЦЭЦ. Прызначаныя экспэртныя дасьледаваньні. Сьледчая група працягвае працу на месцы.

25 верасьня ў Віцебску прэзэнтавалі чарговы Цэнтар па працы з прыхільнікамі перамен. На яго адкрыцьці прысутнічала больш за 40 чалавек. У межах мерапрыемства прагучала справаздача пра дзейнасьць альянсу «Талака» ў Віцебску і вобласьці. Адзін зь лідэраў альянсу Сяргей Калякін распавёў пра дзейнасьць «Талакі» ў краіне. Ганаровы старшыня АГП, экс-кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч падзяліўся думкамі аб стане і пэрспэктывах беларускай эканомікі.

«Вылучыце зямельныя ўчасткі для арганізацыі пляцовак для гульні ў лязэртаг і вяровачнага парку на дрэвах у парку “Мазурына”» - так называецца пэтыцыя, пад якой зьбіраюць подпісы інтэрнэт-карыстальнікаў.

Вядомы беларускі пісьменьнік, журналіст, мастацтвазнаўца Віктар Марціновіч прадставіць свой новы раман “Мова 墨瓦” на Франкфурцкім кніжным кірмашы. Аб гэтым аўтар кнігі, якую называюць “баявіком” пра беларускую мову, паведаміў прыхільнікам сваёй творчасьці на сустрэчы ў Віцебску. Яна адбылася 23 верасьня ў бітлз-клюбе “Паддашак”.