Каардынатар кампаніі «Гавары праўду» ў Віцебску Сяргей Парсюкевіч падаў 13 верасьня ў Віцебскі гарвыканкам і гарсавет чатыры калектыўных звароты грамадзян з настойлівымі просьбамі аб вырашэньні надзённых праблем. Нагадаем, у канцы жніўня акруговая камісія не зарэгістравала Сяргея Парсюкевіча ў якасьці кандыдата, забракаваўшы подпісы выбаршчыкаў. Цяпер ён прадставіў на разгляд дзейным дэпутатам гарадзкога савету і чыноўнікам гарвыканкаму калектыўныя звароты, пад якімі падпісаліся 600 віцяблян. Гэтыя подпісы – не збракуеш.

 

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў зладзіў кампанію па інфармаваньні ўсіх пракурораў Віцебскай вобласьці аб Канвэнцыі супраць катаваньняў ды іншых жорсткіх, бесчалавечных альбо прыніжаючых чалавечую годнасьць відаў абыходжаньня й пакараньня. За паўтара месяца ён сустрэўся з 25 пракурорамі, яшчэ двум адаслаў матэрыялы па пошце. Праваабаронца пакідаў пракурорам ў якасьці інфармацыйных матэрыялаў выніковыя заўвагі па Беларусі Камітэту ААН супраць катаваньняў, прынятыя на 47-й сэсіі Камітэту.