“Шпіён” Андрэй Гайдукоў пераведзены ў Менск
Як паведаміў таварыш арыштаванага, лідэр незарэгістраванага аб’яднаньня “Саюз маладых інтэлектуалаў” Яўген Канстанцінаў, абвінавачаны ў здрадзе дзяржаве Андрэй Гайдукоў зноў пераведзены ў сьледчы ізалятар КДБ у Менску. Маці Гайдукова даведалася аб пераводзе сына ў Менск толькі ўвечары 26 сьнежня. “Аб пераводзе не паведамілі нават адвакату. Адвакат пайшла на сустрэчу з Гайдуковым увечары 26 сьнежня, і толькі тады ёй паведамілі, што яшчэ 22 сьнежня яго перавялі назад у Менск”, - сказаў Канстанцінаў.
Ад дзіцячых пляцовак зыходзіць пагроза жыцьцю і здароўю
Пракуратура Гарадоцкага раёну на сайце райвыканкаму паведаміла, што ёй праведзены аналіз стану работы па выкананьні заканадаўства пры эксплёатацыі дзіцячых гульнявых пляцовак. Пракуратурай выяўлена, што большасьць наяўных дзіцячых пляцовак, разьмешчаных на прыдамавых тэрыторыях гораду, не адпавядае патрабаваньням дзеючага заканадаўства. У шэрагу выпадкаў тэхнічны стан пляцовак стварае пагрозу жыцьцю і здароўю дзяцей. Найбольш распаўсюджанымі парушэньнямі зьяўляюцца: неналежны зьнешні стан, паломкі альбо адсутнасьць элемэнтаў гульнявога абсталяваньня, наяўнасьць сьмецьця.
Новым абласным старшынём партыі БНФ абраны Леанід Аўтухоў (відэа)
15 сьнежня ў Віцебску праходзіла справаздачна-выбарная абласная канфэрэнцыя партыі БНФ. Удзельнікі канфэрэнцыі заслухалі справаздачу старшыні абласной арганізацыі партыі Кастуся Смолікава, які распавёў пра дзейнасьць арганізацыі цягам апошніх двух гадоў. У дыскусіі, што разгарэлася пасьля выступу спадара Смолікава, абмяркоўвалася тэма ўдзелу ў выбарах, закраналіся праблемы зьмяншэньня колькасьці сяброў партыі і нізкага ўплыву яе на грамадзтва.
У Віцебску зьбілі актывіста БНФ
Зь віцебскім сябрам партыі БНФ Аляксеем Гудзіліным невядомыя правялі «прафіляктычную гутарку». Ад яго запатрабавалі спыніць сваю дзейнасьць і больш не «піярыць» БНФ. Каб малады чалавек лепш зразумеў сказанае, яго зьбілі.
Ліквідатары-чарнобыльцы: Радзіма нас забыла!
Надоечы трое ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС – жыхароў Віцебску атрымалі ўкраінскія ўзнагароды, выпушчаныя да 25-х угодкаў трагедыі. Памятным крыжам «25 гадоў Чарнобыльскай катастрофы» быў ганараваны Анатоль Гнеўка, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Знакі ўзнагароды «25 гадоў гераічнага подзьвігу» атрымалі Аляксандар Мікулін і Сяргей Іконьнікаў.