Дырэктар тэлевізіі паскардзіўся абласному кіраўніку БНФ на брак грошай
Дырэктар ТРК «Віцебск» Анатоль Камовіч падзякаваў старшыні Віцебскай абласной рады партыі БНФ Леаніду Аўтухову: «Вялікі дзякуй Вам за ўвагу да этэру нашай тэлерадыёкампаніі. Ваша прапанова вельмі слушная, але ж стварэньне новых праектаў у гэтым годзе кампаніяй не заплянаванае з прычыны недахопу фінансавых сродкаў». Гэтак галоўны тэлевізійнік Віцебшчыны адказаў на зварот мясцовага лідэра БНФ з прапановай аб стварэньні праграмы грамадзка-палітычнага накірунку.
Любоў Кавалёва - чалавек году паводле вэрсіі «Народных навін Віцебска»
Згодна з вынікамі галасаваньня, якое праводзіла інтэрнэт-выданьне “Народныя навіны Віцебска”, Чалавекам году Віцебску-2012 абралі Любоў Кавалёву — маці асуджанага за тэракт у менскім мэтро і растралянага ў сакавіку 2012 году Ўладзіслава Кавалёва. Гэтая жанчына не пакінула змагацца за свайго сына і пасьля выкананьня прысуду. Зараз яна дамагаецца выдачы цела растралянага Ўладзіслава Кавалёва, дагэтуль ёй вярнулі нават ня ўсе яго асабістыя рэчы.
Уладзімер Арлоў прэзэнтаваў у Віцебску свае новыя кнігі
Уладзімер Арлоў прэзэнтаваў у Віцебску свае кнігі «Сьвецяцца вокны, ды нікога за імі», «Пакуль ляціць страла», «Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя», «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя», а таксама аўдыёвэрсію кнігі «Імёны Свабоды». На сустрэчу зь пісьменьнікам, што ладзілася ў Віцебскай абласной бібліятэцы 7 лютага, прыйшло больш за 100 чалавек – мясцовых літаратараў, студэнтаў, настаўнікаў, грамадзкіх і палітычных актывістаў. Імпрэза адбывалася ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Сяргей Рыжоў: Улады ціснуць на чальцоў сям’і
Віцебскі актывіст партыі “Белая Русь” і ўдзельнік “Камітэту Нацыянальнага выратаваньня” Сяргей Рыжоў паведаміў, што за яго дзейнасьць улады перасьледуюць яго маці, якая хварэе дыябетам і якой адмаўляюць у выдачы неабходных лекаў: “Яна хворая на цукровы дыябет, вымушаная была зьвярнуцца са скаргамі да кіраўніцтва паліклінікі, у гарадзкі і абласны аддзелы аховы здароўя, і ніхто гэтыя пытаньні не вырашае. Адмаўляюць у выпісцы прэпаратаў, якія ёй рэкамендаваныя для падтрымкі арганізму. Сытуацыя проста выпадае нават за рамкі дазволенага. Кожны раз, калі адбываецца нешта, што выклікае рэзананс у грамадзтве, ціск ладзіцца менавіта на чальцоў сям’і”.
Падаткавікі Віцебшчыны папаўняюць бюджэт
Падатковымі інспэкцыямі Віцебскай вобласьці за 2012 год па пытаньнях, што ўваходзяць у кампэтэнцыю падатковых ворганаў, правераныя 7 732 дзейныя суб’екты гаспадараньня. Як паведамляе прэс-цэнтар Міністэрства па падатках і зборах, парушэньні заканадаўства аб падатках і прадпрымальніцтве выяўленыя ў 7 567 выпадках. Удзельная вага плацельшчыкаў, у дзейнасьці якіх былі выяўлены парушэньні, склала 98%.