Правёўшы пяць сутак у Віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) за раздачу ўлётак з запрашэньнем на акцыю 25 сакавіка, абласны кіраўнік партыі БНФ Леанід Аўтухоў вымушаны быў зьвярнуцца да лекараў. Паводле палітыка, у ІЧУ ён быў дастаўлены зусім здаровым, а як выйшаў стуль, лекары паставілі яму дыягназ «інфэкцыйная ангіна». На думку Леаніда Аўтухова, інфэкцыю ён, найхутчэй, падчапіў у ІЧУ, таму папрасіў санстанцыю праверыць на адпаведнасьць санітарным нормам умовы ўтрыманьня грамадзян у ізалятары.

На цэнтральныя вуліцах Віцебску зьявіліся бела-блакітныя сьцяжкі з выявай фірмовай кветкі “Газпрому”. Гэтак Віцебск сустракае гасьцей грандыёзнага карпаратыву - газпромаўскага фэстывалю “Факел”, які пройдзе ў горадзе з 13 па 20 траўня. Як дома «газпромаўцы» павінны адчуць сябе яшчэ на віцебскім вакзале - Прывакзальная плошча літаральна патанае ў фірмовых колерах расейскай энэргетычнай кампаніі, а на будынку ёсьць буйныя плякаты мерапрыемства. Сьцяжкамі з сымболікай фэстывалю ўпрыгожаныя таксама вуліцы Кірава, Замкавая, Леніна і праспэкт Фрунзе. Дзе-нідзе гэтыя сьцяжкі нават зачынілі дарожныя знакі.

Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Тацьцяна Севярынец атрымала адказ зь Міністэрства аховы здароўя Беларусі за подпісам намміністра Дзьмітрыя Піневіча на калектыўны зварот з заклікам прыняць меры да скарачэньня колькасьці абортаў у краіне. У адказе адзначаецца, што ўва ўсіх жаночых кансультацыях і моладзевых цэнтрах працуюць габінэты па плянаваньні сям’і, рэалізуецца Нацыянальны плян дзеяньняў па забесьпячэньні гендэрнай роўнасьці на 2011-2015 гады, які мусіць узьняць прэстыж сям’і і сфармаваць усьвядомленае бацькоўства.

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, які адбывае пакараньне за Плошчу-2010 у Купліне, атрымаў трохдзённы адпачынак, падчас якога ён зможа наведаць Віцебск, дзе жывуць яго бацькі. Дарога займае шмат часу, таму пабыць дома Паўлу давядзецца каля 1,5 сутак. Нагадаем, да заканчэньня тэрміну Паўлу Севярынцу засталося пяць з паловай месяцаў.

Віцебскага актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленку выклікалі ў інспэкцыю Першамайскага раёну Віцебску. Там яму вынесьлі другое папярэджаньне. «Мне вынесьлі папярэджаньне за той самы эпізод ад 25 сакавіка, калі мяне абвінавацілі ў тым, што я нібыта ня ў тым месцы перайшоў дарогу. Цяпер яны заяўляюць, што я нібыта яшчэ і нецэнзурна лаяўся на міліцыянтаў. Як мне сказаў адвакат, хопіць нават двух гэтых папярэджаньняў, каб адправіць мяне назад у турму. Могуць прыйсьці і забраць мяне ў любы момант», - заявіў Сяргей Каваленка.