Аўторак, 26 Верасень 2023

Прысуды Вячаславу Лазараву і Таццяне Пыцько: пяць з паловай і тры гады пазбаўлення волі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Сямейную пару абвінавацілі ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці. Відэааператара-фрылансера Вячаслава Лазарава асудзілі паводле ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Таццяну Пыцько — паводле ч. 1 арт. 361-4 КК да трох гадоў агульнага рэжыму. Абвяшчэнне прысуду ў Віцебскім абласным судзе прайшло ў закрытым рэжыме – як і ўвесь судовы працэс.

Суддзя Віцебскага абласнога суду Яўген Будуноў прызнаў падсудных вінаватымі за ўзаемадачыненні з тэлеканалам «Белсат», прызнаным беларускімі ўладамі экстрэмісцкім фармаваннем: Вячаслава -- за відэаматэрыялы, паказаныя на тэлеканале, Таццяну -- за тое, што дапамагала мужу падчас здымак. Беларуская праваабарончая супольнасць лічыць абодвух сужэнцаў палітычнымі зняволенымі.

Відэааператар- фрылансер Вячаслаў Лазараў быў затрыманы 9 лютага 2023 года ў Віцебску пасля ператрусу па месцы рэгістрацыі. У яго забралі мабільныя тэлефоны і відэакамеру. Таксама сілавікі правялі ператрусы ў кватэры, якую здымаў Лазараў, і па месцы рэгістрацыі ягонай жонкі Таццяны Пыцько, адтуль забралі ноўтбук і два тэлефоны. Жонку відэааператара-фрылансера затрымалі 6 чэрвеня 2023 года — пасля чарговага ператрусу ў яе кватэры.

На момант затрымання Таццяна Пыцько была ў адпачынку па догляду за дзіцем - гадавала агульную з Вячаславам дачку, якой тады быў 1 год і 1 месяц. Сацыяльная служба забрала дзяўчынку, яе спачатку змясцілі ў дзіцячую абласную лякарню, потым над ёй аформілі апеку сваякі Таццяны. Двое старэйшых дзяцей жанчыны ад першага шлюбу знаходзяцца з родным бацькам. У Вячаслава Лазарава на волі засталася састарэлая маці, жанчына мае інваліднасць і з цяжкасцю перасоўваецца – у яе праблемы з суставамі. Сын збіраў грошы на платную аперацыю для яе, аднак следчы камітэт дагэтуль не вярнуў грашовыя сродкі, забраныя падчас ператрусу.

29 жніўня Вячаславу Лазараву споўнілася 47 гадоў, дзень народзінаў ён сустрэў у віцебскім СІЗА-2. Тамсама 26 верасня сустрэне свае 39 гадоў і Таццяна Пыцько. У абодвух ёсць час, каб абскардзіць прысуд абласнога суду.

Ірына Порах