Нядзеля, 21 Студзень 2024

15 сутак арышту прысудзілі жыхару Наваполацка, які патэлефанаваў у міліцыю і сказаў «Слава Украіне»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Суд г. Наваполацка Суд г. Наваполацка

Справу Барыса Казельскага 12 студзеня разбірала суддзя наваполацкага гарсуда Зінаіда Балаболава. Паводле судовай пастановы, 22 снежня мінулага года жыхар Наваполацка парушыў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Парушэнне палягала ў тым, што мужчына набраў нумар 102 і сказаў дзяжурнаму, які ўзяў слухаўку, «Слава Украіне». Суддзя вырашыла, што шляхам «публічнага ажыццяўлення званка» Казельскі «правёў несанкцыянаванае пікетаванне без дазволу Наваполацкага гарвыканкама, выказваючы свае грамадска-палітычныя, асабістыя і іншыя інтарэсы». І, паводле арт. 24.23 КаАП, мае быць арыштаваным на 15 сутак.

Зрэшты, выглядае, што тэлефонны зварот у міліцыю складаўся не толькі са згаданых вышэй двух словаў. Паводле міліцэйскага рапарта, згаданага ў судовай пастанове, у Наваполацкім ГАУС праводзілі праверку па факце абразы, якую Казельскі нібыта нанёс «пасадовай асобе дзяржаўнага органа пры выкананні службовых паўнамоцтваў». Ці пацвердзіўся гэты факт і ці была распачатая з гэтай нагоды адміністрацыйная або крымінальная справа, пакуль не вядома. Агучаны лозунг «Слава Украіне» стаў падставай для асобнага пратакола і наступнага судовага разбіральніцтва.

У судзе Барыс Казельскі не аспрэчваў, што гэтая фраза насамрэч была сказана, а памкненне патэлефанаваць у міліцыю патлумачыў тым, што ў той дзень быў нападпітку. Барыса Казельскага затрымалі праз 4 дні пасля тэлефанавання і праз суткі адпусцілі. Гэты тэрмін суд залічыў у час 15-суткавага арышту.

Незразумелай застаецца фармулёўка ў рашэнні суддзі Зінаіды Балаболавай наконт «публічнага ажыццяўлення званка» - хіба што Казельскі тэлефанаваў на нумар 102 у прысутнасці іншых людзей, якія маглі чуць змест размовы. Толькі пры такіх акалічнасцях можна ўбачыць у асабістай размове двух чалавек прыкметы несанкцыянаванага пікетавання. Але пра наяўнасць нейкіх «прысутных на пікеце» у судовай пастанове нічога не сказана.

Не выключана, што «публічнасць» стварылі самі міліцыянты – калі давалі праслухоўваць запіс тэлефоннай размовы трэцім асобам падчас праверкі па факце абразы. Толькі ў гэтым Барыс Казельскі аніяк не вінаваты.

Сяргей Міронаў