Жыхары Віцебску Ігар Пастноў і Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард атрымалі пастановы аб прызначэньні судовага разбору па крымінальнай справе, распачатай супраць іх за паклёп на пракурора гораду Віцебску Юрыя Раманоўскага (ч.2 арт. 188 КК РБ). Судовы працэс пачнецца 22 красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску і пройдзе ў закрытым рэжыме.

Агулам па дзьвюх адміністрацыйных справах на 40 базавых велічыняў аштрафаваў Глыбоцкі раённы суд незалежнага журналіста Зьмітра Лупача, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 11 красавіка разглядаліся адміністрацыйныя справы ў дачыненьні Міколы Качурца і братоў Уладзімера і Яраслава Кійко. Тры розныя судзьдзі сінхронна пакаралі кожнага з актывістаў штрафам у памеры 4 базавых велічыняў – за фатаграфаваньне зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Віцебску Дзьмітрый Жук назваў у судзе канфіскаваны летась у Міколы Качурца бел-чырвона-белы сьцяг анучай, якая каштуе ня больш за 4,75 рублі. Гэтую суму Кастрычніцкі РАУС згодны заплаціць Качурцу ў якасьці кампэнсацыі за зьнішчаную маёмасьць. Актывіст патрабуе ў 10 разоў больш.

У 2018 годзе ў раённыя і гарадзкія суды Віцебскай вобласьці паступілі на разгляд 5147 крымінальных справаў, 21163 грамадзянскіх і 50100 справаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях.