Суддзя суда Аршанскага раёна і Оршы Алеся Дранькова 28 траўня за няяўку ў ваенкамат для прызыву на службу аштрафавала на 400 рублёў мясцовага жыхара Аляксандра Бажкова.

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Наталля Карабліна 22 траўня за публічнае распаўсюджванне нацысцкай сімволікі аштрафавала на 400 рублёў беспрацоўнага Арцёма Сідарэнку. Суд адбывалася ў адсутнасць правапарушальніка.

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 9 студзеня за “экстрэмізм” у сацыяльнай сетцы пакарала арыштам на 13 сутак масажыста Арцёма Баўцёнка. Ён быў адным са тых 180 жыхароў Наваполацка, якія былі асуджаныя на адміністрацыйны арышт на пачатку бягучага года. Суд над “правапарушальнікам” праходзіў па камунікатары “Скайп” і доўжыўся каля 15 хвілін.

Суддзя суда Ірына Яскевіч 27 траўня за парушэнне абавязкаў па воінскім уліку ў межах адміністрацыйнага працэсу папярэдзіла аб недапушчальнасці супрацьпраўных паводзінаў мясцовага жыхара Іллю Лысава.

Ксёндз Анджэй Юхневіч, пробашч шумілінскай парафіі Маці Божай Фацімскай, быў затрыманы 8 траўня. Разам  з ім затрымалі і ксяндза Паўла Лемеха. Абодвух 10 траўня асудзілі за несанкцыянаванае пікетаванне. Ксёндз Павел выйшаў на волю пасля адміністрацыйнага  арышту, а ксёндз Анджэй застаецца за кратамі. Выглядае, што пасля першага арышту яму быў прысуджаны другі, а потым і трэці арышт запар. У няволі ён знаходзіцца больш за месяц.