Суддзя суд Першамайскага раёна Віцебска Вераніка Барысава 20 траўня за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў аштрафавала на 800 рублёў рэдактара сайта «Віцебскі кур'ер News» Аляксандра Корнышава. Суд праходзіў у адсутнасць «правапарушальніка, з прычыны таго, што Аляксандр пакінуў Беларусь на прыканцы 2020 года.

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Алена Жук 10 траўня за правядзенне не санкцыянаванага ўладамі пікетавання ў інтэрнэце арыштавала на 10 сутак памочніка пробашча касцёла Касцёл Маці Божай Фацімскай у Шуміліна Паўла Лемяха.

Суддзя суда Ушацкага раёна Вольга Лаюшка 17 траўня за распаўсюд у сацыяльнай сетцы «экстрэмісцкіх» публікацый аштрафавала на 800 рублёў спецыяліста дзяржаўнай установы «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна» Кацярыну Спірыдзёнак.

Суддзя суда Талачынскага раёна Алеся Саян 6 траўня за распаўсюджванне «экстрэмізму» ў сацыяльнай сетцы арыштавала на 10 сутак былога дэпутата Вярхоўнага Савета СССР пенсіянера Мікалая Петрушэнку.

Суддзя Віцебскага абласнога суда Таццяна Дзегцярова 28 траўня прыняла рашэнне ліквідаваць Полацкае моладзевае грамадскае аб'яднанне «Міні-футбольны клуб «Алімп». Ініцыятарам знішчэння грамадскай арганізацыі выступіла Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Віцебскага аблвыканкама. Пасля ліквідацыйных працэдур у вобласці застанецца ўсяго 14 недзяржаўных маладзёжных аб'яднанняў.