У Андрэя Галавырына падчас арышту здарыўся гіпертанічны крыз
Наваполацкаму грамадскаму актывісту прысудзілі другі арышт запар. Ён быў затрыманы 15 чэрвеня і асуджаны на 15 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». 1 ліпеня яго асудзілі другі раз – за несанкцыянаванае пікетаванне. Цяпер Андрэй Галавырын мусіць адбыць два арышты па 15 сутак запар, нягледзячы на праблемы са здароўем.
Вольгу Ялцэвіч будуць судзіць за дапамогу палітвязням
Жыхарку Докшыцаў вінавацяць у фінансавай дапамозе рэпрэсаваным паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці). Больш за паўгода яе трымаюць у Берасцейскім СІЗА №7 (Вольга Ялцэвіч мае рэгістрацыю ў Берасцейскай вобласці), на цяперашні момант следства скончана, і абласная пракуратура ўжо перадала справу ў суд. Жанчыне пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Андрэю Патрэбку, ужо асуджанаму за за абразу Аляксандра Лукашэнкі, вынеслі новы прысуд
У судзе Полацкага раёну і гораду Полацку 28 чэрвеня вынесены яшчэ адзін прысуд жыхару пасёлка Фарынава Андрэю Патрэбку – цяпер за абразу прадстаўнікоў улады (арт. 369 Крымінальнага кодэксу). На момант суду ён ужо быў асуджаны да 3-х гадоў так званай «хатняй хіміі» за абразу Аляксандра Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу). Цяпер суддзя Уладзімір Бясецкі прысудзіў Андрэю Патрэбку 4 гады абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу.
Рабочага "Нафтана" арыштавалі на 10 сутак за распаўсюджванне "экстрэмісцкіх" матэрыялаў
22 чэрвеня ў Наваполацку на працоўным месцы быў затрыманы машыніст кампрэсарных установак ВА "Нафтана" Сяргей Бадуноў. У Наваполацкім АУС, куды адвезлі затрыманага, супрацоўнікі міліцыі склалі на яго адміністрацыйны пратакол па частцы 2 арт. 19.11 КаАП "Распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Георгія Станкевіча хацелі асудзіць за «пікетаванне шляхам размяшчэння артыкула на «Віцебскай Вясне»
24 чэрвеня на барда, журналіста і выдаўца Георгія Станкевіча міліцыянты склалі пратакол за правядзенне незаконнага пікету. Пікетам міліцыянты палічылі з’яўленне на сайце «Віцебскай Вясны» артыкула «Зварот Георгія Станкевіча да жыхароў Бешанковіцкага раёну», дзе апавядалася пра тое, што ва Украіне ідзе вайна, якую трэба спыніць. Артыкул выйшаў яшчэ 1 сакавіка, і суддзі Бешанковіцкага райсуду Наталлі Рэут давялося скасаваць адміністрацыйную справу.