11 ліпеня ў Віцебскім абласным судзе судзьдзя Ірына Смалякова разгледзела адразу дзьве касацыйныя скаргі незалежных журналістаў на рашэньне суду Глыбоцкага раёну – Зьмітра Лупача і Тацяны Смоткінай. Апошняя на разбор сваёй скаргі прыбыць не змагла, і ёй судзьдзя паменшыла штраф на 10 базавых. Пакараньне ж Зьмітру, які на суд у Віцебск прыехаў, засталося нязьмененым.

Віцебскі сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Уладзімер Лунёў здолеў дамагчыся, каб аддзел унутраных справаў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну паўторна заняўся расьсьледваньнем акалічнасьцяў зьяўленьня і распаўсюду відэароліка, у якім невядомыя абражаюць журналістаў і відэаблогерку Алену Янушкоўскую.

Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Уладзімер Лунёў зьвярнуўся ў абласное ўпраўленьне ўнутраных справаў і ў гарадзкую пракуратуру Віцебску са скаргай на дзеяньні супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС. На ягоную думку, міліцыянты ўхіліліся ад абароны яго правоў і законных інтарэсаў, спыніўшы справу аб адміністрацыйным правапарушэньні ў дачыненьні да невядомых аўтараў паклёпніцкага відэа, разьмешчанага ў інтэрнэце.

Судзьдзя Докшыцкага райсуду Вячаслаў Елісеенка 31 траўня прысудзіў 30 базавых велічыняў (735 рублёў) штрафу журналістцы з Глыбокага Тацяне Смоткінай. Журналістка была аштрафаваная паводле часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП за матэрыял “Вываз сьмецьця – паслуга абавязковая”, які быў разьмешчаны на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”.

Надоечы лекар-псыхіятар Ігар Пастноў, вядомы сваёй крытыкай мясцовых уладаў, разьмясьціў у сеціве шэраг эмацыйных тэкстаў і відэазваротаў, у якіх паведаміў, што супраць яго можа быць распачатая крымінальная справа. Паводле Пастнова, 18 траўня ў ягонай кватэры прайшоў ператрус, а ён сам быў апытаны сьледчымі адносна датычнасьці да выдаваньня дзяржаўных сакрэтаў, якія могуць нанесьці шкоду Рэспубліцы Беларусь.