Аддзел ідэалёгіі Віцебскага аблвыканкаму праінфармаваў рэдакцыі мясцовых газэтаў, хто з супрацоўнікаў зьяўляецца сябрам БАЖ, а хто толькі зьбіраецца ўступіць у «непажаданую» арганізацыю. Асобных журналістаў выклікалі ў аблвыканкам для тлумачэньняў наконт сяброўства ў ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Калегі сышліся на думцы, што няйнакш гэтая цікаўнасьць зьвязаная з будучымі выбарамі.

У Полацку забаранілі праводзіць канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча. Канцэрт мусіў адбыцца ў Полацкім Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур і першапачаткова быў узгоднены з начальнікам аддзелу ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкаму Віктарам Палушкіным. Аднак напярэдадні канцэрту ў райвыканкам патэлефанавалі з вобласьці і ладзіць канцэрт забаранілі.

Напрыканцы жніўня пачаў працаваць сайт газэты “Вітебскіе весті”, заснавальнікам якой зьяўляецца Віцебскі аблвыканкам. Сайт зьмяшчае публікацыі з папяровай газэты, а таксама публікуе PDF-вэрсію выданьня. Вэб-рэсурс вылучаецца высокім узроўнем дызайну. Штодня ен публікуе 5-6 навінаў. Аднак чытачоў пакуль што вобмаль: рэдка які матэрыял набірае больш за 100 праглядаў.

Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Віцебску Алена Протас прызнала сябра партыі левых «Справядлівы сьвет» Андрэя Андрэева вінаватым у парушэньні артыкулу 22.9 КаАП (парушэньне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі) і прысудзіла яму штраф у памеры 20 базавых велічынь. Такому пакараньню партыйны актывіст быў падвергнуты за распаўсюд друкаванай прадукцыі кампаніі «Гавары праўду». Гэтая прадукцыя, маўляў, зьяўляецца сродкам масавай інфармацыі, не зарэгістраваным у Рэспубліцы Беларусь.

3 верасьня незалежнаму журналісту ў Віцебскай абласной пракуратуры вынесьлі афіцыйнае папярэджаньне за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з выданьнем, не зарэгістраваным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Уладзімер Жыгулоў адмовіўся даваць пракурору Паўлу Зайцаву тлумачэньні, спаслаўшыся на права ня сьведчыць супраць сябе, гарантаванае арт. 27 Канстытуцыі.