Судовае паседжаньне паводле адміністрацыйнай справы незалежнай журналісткі Алены Сьцяпанавай, прызначанае на 15 гадзін 12 ліпеня, не адбылося. Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Віцебску Іна Грабоўская вярнула пратакол на дапрацоўку ў міліцыю. Суд перанесены на няпэўны час. То бок судзьдзя не прыняла дакумэнты зь міліцыі на разгляд у суд.

Віцебскую журналістку Алену Сьцяпанаву вінавацяць у парушэньні заканадаўства аб СМІ. У міліцыі лічаць, што Алена супрацоўнічае з замежным СМІ без акрэдытацыі. 9 ліпеня журналістка разам з адвакатам наведала Кастрычніцкі РАУС Віцебску, дзе старшы інспэктар аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Сяргей Вяракса азнаёміў яе з пратаколам.

Непрыемны інцыдэнт адбыўся 5 ліпеня з галоўным рэдактарам і фотакарэспандэнтам інтэрнэт-газэты “Народныя навіны Віцебска” Сяргеем Серабро. Напярэдадні журналіст рыхтаваў фотарэпартаж аб наступствах моцнай залевы, якая прайшла ў Віцебску. У прыватнасьці, яго зацікавіла яма, якая ўтварылася ў самым цэнтры гораду, насупраць гандлёвага цэнтру “Марка-сіці”. Каля правалу працавала група будаўнікоў. Раптам адзін зь іх пачаў паводзіць сябе, мякка кажучы, дзіўна.

На інфармацыйным рынку Віцебскай вобласьці зьявілася новае друкаванае СМІ - газэта “Вітебскіе весті”. Яна аб’яднала два абласных выданьні - “Віцебскі рабочы” і “Народнае слова”. Першы нумар газэты выйшаў 2 ліпеня. Рашэньне аб рэарганізацыі гэтых газэт прыняў заснавальнік - Віцебскі аблвыканкам. Ад новага выданьня ён чакае “стварэньня якаснага, прафэсійнага інфармацыйнага прадукту, які выключыць дубляваньне інфармацыі”.

Сярод сёлетніх ляўрэатаў прэстыжнага конкурсу прафэсійнай мэдыя-фатаграфіі “Прэс-фота Беларусі” ёсьць рэдактар штодзённай інтэрнэт-газэты “Народныя навіны Віцебска” Сяржук Серабро. Ён заняў першае месца ў намінацыі “Навіны” з сэрыяй фотаздымкаў, якія былі зробленыя падчас суду над вядомым дэмакратычным актывістам Сяргеем Каваленкам.