Вахцёрку інтэрната асудзілі на паўтара года «хіміі» – абразіла ў Instagram сяржанта міліцыі Шнявіна
У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску 3 верасня адбыўся разгляд яшчэ адной крымінальнай справы за публічную абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Гэтым разам на лаве падсудных апынулася 51-гадовая Вера Струніна, якая працуе вахцёркай у віцебскім інтэрнаце. За кароткі каментар на адрас ужо былога міліцыянта з Віцебску суддзя Дзяніс Аляксеенка прысудзіў ёй 1 год і 6 месяцаў «хіміі». Пракурор Антон Гарохаў прасіў пакараць трыма гадамі. Ад адваката жанчына адмовілася.
Палітзняволенай Юліі Кашаверавай не задаволілі просьбу аб памілаванні
Палітзняволенай віцяблянцы Юліі Кашаверавай адмовілі ў памілаванні. Як паведаміў бацька Юліі, прашэнне аб памілаванні напісала ейная бабуля. Камісія ў пытаннях памілавання і вызвалення ад крымінальнай адказнасці прашэнне разгледзела, але не задаволіла. Як паведамлялася раней, Кашаверава ўжо дасылала прашэнне аб памілаванні ў так званы "Круглы стол дэмакратычных сіл" (КСДС), які ўзначальвае Юрый Васкрасенскі.
Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў скаргу актывісткі Наталлі Трошчанкі
26 жніўня 2021 Камітэтам ААН па правах чалавека пад нумарам 4000/2021 была зарэгістраваная скарга Наталлі Трошчанкі. Грамадзянская актывістка мяркуе, што беларуская дзяржава парушыла яе правы на свабоду слова і мірныя сходы.