Віцебскі актывіст БХД і назіральнік на нядаўніх выбарах Яўген Гуцалаў адбыў сем сутак адміністрацыйнага арышту за арганізацыю несанкцыянаванага пікету. А зараз ён вымушаны заплаціць яшчэ за “паслугі” віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня. Кошт турэмнага “сэрвісу” – 50 тысяч за суткі. Нагадаем, што сем сутак арышту прысудзіла Гуцалаву судзьдзя Кастрычніцкага раёну Віцебску Іна Грабоўская. Судзьдзя ўзяла пад увагу той факт, што на той момант Гуцалаў нідзе не працаваў і выплаціць вялікі штраф ня змог бы.

 

Маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва падала наглядную скаргу. Скарга заняла больш за 50 старонак, яе Любоў Кавалёва падала ў Вярхоўны суд 27 верасьня. “Судзьдзя, які нас прымаў, хацелася б думаць, што ён сур’ёзна паставіцца да гэтай справы. Але ён нават не падымаў вачэй. Машынальна прагледзеў, і тое — толькі папярэднюю скаргу. Сказаў, што скарга прынятая”, — кажа Любоў Кавалёва.

 

Серада, 26 Верасень 2012

Сяргей Каваленка на свабодзе!

Увечары 26 верасьня Сяргея Каваленку вызвалілі з магілёўскай калёніі. Як распавяла жонка Сяргея Алена Каваленка, муж пазваніў ёй ужо з чыгуначнага вакзалу ў Магілёве і паведаміў, што свабодны і што міліцыянты садзяць яго на цягнік да Віцебска. Алена разам з сынам Валікам плакалі наўзрыд… У Віцебску, акрамя сям’і, яго сустракалі і супрацоўнікі праваахоўных ворганаў.

 

Паводле папярэдніх дадзеных, апублікаваных на сайце ЦВК, яўка на выбарах 23 верасьня ў Віцебскай вобласьці склала 80,7%. Агульная яўка па Беларусі – 74,2%. Згодна з ЦВК, найбольшая яўка на Віцебшчыне была зафіксаваная ў Віцебскай сельскай акрузе (88,4%) і Сеньненскай акрузе №30 (88,3%). Найменьшая ў нашым рэгіёне – у Полацкай гарадзкой №28 (62%).

 

25 верасьня на дошках абвестак ля пад’ездаў дамоў, на прыпынках грамадзкага транспарту, у публічных месцах Віцебску зьявіліся налепкі з заклікам: “Свабоду Алесю Бяляцкаму!”. Гэтак мясцовыя актывісты прыцягнулі ўвагу жыхароў гораду над Дзьвіной да праблемы палітвязьняў, а таксама павіншавалі выбітнага беларускага праваабаронцу зь юбілеем - у гэты дзень яму споўнілася 50 гадоў.

На ўсіх выбарчых участках 23 верасьня ў Віцебску амаль аднолькава пахла беляшамі і піражкамі з капустай. Але людзі насы не адварочвалі, бо сярод іх бадай што не было маладых выбарцаў… Людзей да трыццаці было вобмаль. Але й віцябляне старэйшага ўзросту асаблівай радасьці ды аптымізму на падыходзе да ўчасткаў не праяўлялі. Агульны настрой вельмі дасьціпна выявіў пэнсіянэр з кійком, які, усьміхнуўшыся аўтару гэтых радкоў, заўважыў: “Як на пахаваньне ідуць сюды, і музыка такая ж… З адной толькі розьніцай: на хаўтурах не галасуюць, а галосяць”.

Незалежнага назіральніка ад Беларускага Хэльсынскага Камітэту Яна Дзяржаўцава выдалілі 22 верасьня з ўчастку №14 Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19. Ён нібыта перашкаджаў працаваць камісіі. Пра гэта сам назіральнік даведаўся, калі прыйшоў на выбарчы ўчастак пасьля абеду. Як распавёў “Дыялёгу” Ян Дзяржаўцаў, дзеля таго, каб пазбавіць яго права назіраць за выбарамі, была скліканая ўся камісія. Сямнаццаць чалавек выбарчай камісіі адзінагалосна прагаласавалі за тое, каб выдаліць назіральніка з участку. Яму нават ня далі слова.

 

На выбарчым участку №44 Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі № 18 дагэтуль адсутнічаюць сьпісы больш за тысячу выбарцаў, якія жывуць у новым мікрараёне Мэдцэнтар у Віцебску. Адсутнасьць сьпісаў выявіў назіральнік Сяргей Парсюкевіч. Апынулася, што жыхароў дамоў №№nbsp;37 і 39 па вуліцы Петруся Броўкі няма ў сьпісах выбарцаў.

 

Бел-чырвона-белы сьцяг быў узьняты ў ноч на 19 верасьня на высакавольтнай лініі электраперадач недалёка ад пасёлку Руба пад Віцебскам. «19 верасьня 1991 году легітымны парлямэнт Беларусі засьведчыў дзяржаўным гербам старажытны герб „Пагоня“, а дзяржаўным сьцягам - бел-чырвона-белы гістарычны сьцяг. З гэтай сымболікай мы адбудуем нашу дзяржаву! Жыве Беларусь! Жыве вечна! Мірон», - цытуе Радыё Свабода, спасылаючыся на дасьведчаныя крыніцы, цыдулку, прымацаваную да сьцягу.

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 19 верасьня прызнаў вінаватым Яўгена Гуцалава ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП) і пакараў яго 7 суткамі адміністратыўнага арышту. Як паведаміў віцебскі актывіст Пётар Іваноў, які прысутнічаў на паседжаньні, у судзе Яўген Гуцалаў прызнаў, што насамрэч браў удзел у несанкцыянаваным пікеце, але такім чынам хацеў выявіць свае погляды.