Газэце «Наше православие» Віцебскай праваслаўнай эпархіі вынесенае афіцыйнае папярэджаньне Міністэрства інфармацыі. Пра гэта паведаміла загадчыца сэктару рэгістрацыі СМІ і кантролю за выкананьнем заканадаўства Міністэрства інфармацыі Юлія Кочына: «Гэтай газэце вынесенае папярэджаньне за парушэньне закону аб СМІ. Тая юрыдычная асоба, у адрас якой вынесенае папярэджаньне, праінфармаваная, і папярэджаньне накіраванае».

Ігар Аліневіч адбыў 10 сутак у штрафным ізалятары. Пра гэта бацькі палітвязьня даведаліся зь ягонага тэлефанаваньня дамоў.

Старшыня Мазалаўскага сельскага савету Леанід Дубіна запрасіў актывістаў стваранай грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» наведаць 13 траўня месца меркаваных масавых расстрэлаў грамадзян за часамі сталінскіх рэпрэсіяў. Раней актывісты падавалі калектыўную заяву з 88-мю подпісамі ў сельсавет, і, згодна з заканадаўствам, перш як адказаць на такую заяву, службовыя асобы абавязаныя выехаць на месца і сустрэцца з заяўнікамі.

Ліст за подпісам міністра інфармацыі Ліліі Ананіч быў дасланы на электронны адрас, пазначаны на сайце. «Даводзім да ведама, што на інфармацыйным рэсурсе, разьмешчаным па адрасе www.freeregion.info, выяўленыя факты парушэньня заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі. У сувязі з гэтым прапануем у тэрмін да 15 мая 2015 году падаць на адрас Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь зьвесткі, датычныя ўладальніка гэтага інфармацыйнага рэсурсу», – гаворыцца ў лісьце.

Віцебскі раённы аддзел Сьледчага камітэту разгледзеў заяву актывістаў, якія прасілі распачаць крымінальную справу па факце знойдзеных імі 28 красавіка ў лясным масіве непадалёк ад вёскі Хайсы чалавечых костак. З адказу СК, атрыманага актывістамі, вынікае, што «ў цяперашні момант падстаў для ўзбуджэньня крымінальнай справы ня маецца».

Рабочыя ААТ «Полацак-Шкловалакно» не задаволеныя дыскрымінацыяй з-за сяброўства ў прафсаюзе. Скарга рабочых на дырэктара перададзеная старшыню канцэрну «Белнафтахім» Ігару Ляшэнку падчас яго асабістага прыёму 5 траўня. Рабочых заводу прадстаўляў старшыня Свабоднага прафсаюзу на прадпрыемстве Віктар Стукаў. Гутарка старшыняў аб правох рабочых у менскім офісе канцэрну доўжылася больш за гадзіну.

Падчас сьвяточных мерапрыемстваў 9 траўня на полацкім Кургане Бесьсьмяротнасьці ад гарачыні і пякучага сонца школьнікі страчвалі прытомнасьць. Усё гэта адбывалася на вачох у кіраўнікоў мясцовай улады.

У гутарцы з карэспандэнтам «Віцебскай вясны» колішні старшыня клюбу аматараў даўніны «Узгор’е», былы навуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога краязнаўчага музэю, археоляг Ігар Цішкін падзяліўся сваімі развагамі наконт стаўленьня дзяржавы і грамадзтва да гістарычнай спадчыны, а таксама зьменаў, што адбыліся за апошнія 20 гадоў.

Зарплату ў сельскагаспадарчым каапэратыве ў Шаркоўшчынскім раёне выдалі кілбасой, але спробу заплаціць за крэдыт спыніла міліцыя. Пра канфуз, які адбыўся некалькі тыдняў таму, распавёў чытач charter97.org Андрэй Бука. «Заробак ў сельскагаспадарчым комплексе часткова выдалі кілбасамі. Прыйшоў чалавек у банк і паспрабаваў імі ж заплаціць за крэдыт. Апынуўся на «сутках»… Гэта не пачатак раману, гэта суворая праўда жыцьця!» – напісаў ён.

Такі адказ атрымалі жыхары Глыбокага на пісьмовы зварот. У сваім звароце група жыхароў прасіла чыноўнікаў зьмясьціць побач з сучаснымі назвамі гістарычныя назвы вуліц. Такая практыка мела месца ў шмат якіх гарадох Расеі, Украіны, іншых краінах СНД. Ёсьць такія прыклады і ў нашай краіне, напрыклад, у пасёлку Халопенічы Крупскага раёну.