Работы па выкананні даручэнні Лукашэнкі па зносе непрыдатных і неэксплуатаваных аб'ектаў сельгасарганізацый з уключэннем у абарот вызваленых зямельных участкаў актывізавалі ў мінулым годзе. Але на Віцебшчыне знеслі амаль у пяць разоў меней пабудоў, што было запланавана.

Жыхары Віцебскай вобласці працягваюць звяртацца да ўладаў з просьбай адрамантаваць дарогі. Чарговую петыцыю грамадзяне падалі ў Браслаўскі выканкам, у якой патрабуюць прывесці ў належны парадак дарожнае пакрыццё ў гэтым раённым цэнтры. Петыцыю падпісалі ўжо 15 чалавек.

Як піша сайт шаркаўшчынскай раённай газеты “Кліч Радзімы”, у штогадовым рэспубліканскім прававым турніры «Сіла закона» шаркаўшчынскія школьнікі прадэманстравалі, што яны ведаюць лепш за многіх іншых удзельнікаў асновы права і законы Рэспублікі Беларусь.

Пэўным дысанансам са звыклай ужо завядзёнкай ушаноўваць памяць герояў Вялікай Айчыннай прагучала прапанова старшыні Віцебскага райсавета народных дэпутатаў Віктара Дарожкіна называць бібліятэкі і мастацкія школы імёнамі славутых землякоў – беларускіх мастакоў і пісьменнікаў. Гэтую ён агучыў на пасяджэнні прэзідыума райсавета, дзе абмяркоўваліся планы мерапрыемстваў да 100-годдзя ўтварэння Віцебскага раёна. «Глава депутатского корпуса Придвинья предложил активизировать изучение не только военного периода, но и мирной жизни, что очень важно в год празднования 100-летия образования Витебского района», - цытуе спадара Дарожкіна гарадская газета «Віцьбічы».

«Аршанская газета» распавяла пра «новую практыку ў выхаваўчай рабоце», якую прымяніла мясцовая крымінальна-выканаўчая інспекцыя. У гэтай установе бяруць на адмысловы ўлік тых, хто вызваліўся пасля адбыцця пакарання за крымінальныя злачынствы. Інспектары сочаць, каб былыя зняволеныя ўладкоўваліся на працу і не парушалі грамадскі парадак. Тых, хто яшчэ не працаўладкаваны, супрацоўнікі КВІ і заклікалі «на добраахвотнай аснове» узяць удзел у расчыстцы снегу каля аршанскага этнаграфічнага музея.