У дзяржСМІ Віцебшчыны пачалі бэсціць прыхільнікаў «чайлдфры». Іх называюць «ахвярамі заходняй прапаганды»
Докшыцкая раёнка «Родныя вытокі» дала слова выкладчыцы ВДУ Яўгеніі Далімаевай, якая называе «чайлдфры» «субкультурай са сваёй ідэалогіяй, у аснове якой – нежаданне мець дзяцей». Выкладчыца называе прыхільнікаў такіх поглядаў «нешчаслівымі людзьмі», якім пад старасць не будзе на каго разлічваць у сэнсе падтрымкі і дапамогі. Лёзненская раёнка «Сцяг перамогі» не надта паглябляючыся ў філасофскія праблемы і маральныя аспекты, наўпрост апелюе да словаў Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што «любая популяризация идей бездетной семейной пары в нашем информационном и культурном пространстве должна пресекаться. Любые вбросы таких завуалированных призывов, равно как и все нетрадиционные веяния — не что иное, как попытка обезлюдить и ослабить государство. Никак не меньше».
Як газета «Полацкі веснік» расказала гісторыю пра асуджанага да «хіміі» былога начальніка наваполацкай міліцыі
Аповед не ўтрымлівае ні згадак пры былую пасаду і былы дэпутацкі статус асуджанага, ні ягонага імя і прозвішча. Пра інцыдэнт распавядаецца, сцісла: маўляў, нейкі «жыхар Полацка атрымаў тэрмін за супраціўленне супрацоўніку ДАІ». Але тыя, хто сачыў за інцыдэнтам з удзелам былога дэпутата Наваполацкага гарсавета, які на падпітку не справіўся з кіпаваннем уласным аўто, а потым пабіўся з «даішнікам», адразу пазналі ў гэтай асобе Уладзіміра Дуброўскага – чалавека, які ў 2020 годзе асабіста аддаў каманду на гвалтоўнае задушэнне пратэстаў у Наваполацку.
Комплекс будынкаў былога льнозавода на Глыбоччыне прадалі за 1500 беларускіх рублёў
Віцебскі камітэт "Віцебскаблмаёмасць" правёў аўкцыён, на якім прадаў комплекс будынкаў і збудаванняў былога Пліскага льноапрацоўчага завода, размешчанага непадалёк ад гарадскога пасёлка Падсвілле ў Глыбоцкім раёне, прыкладна за 1500 беларускіх рублёў (каля 460 даляраў). Піша сайт глыбоцкай раёнкі “Веснік Глыбоччыны”.
Пасля 1839 г. «Беларусь ператварылася ў праваслаўную краіну», сцвярджае дзяржаўная газета
Гэткае «навуковае» сцвярджэнне абласная газета «Витебские вести» надрукавала ў абвестцы пра святкаванне 185-х угодкаў Полацкага царкоўнага сабора 1839 г. Сабор спыніў дзеянне Брэсцкай царкоўнай уніі 1595–1596 гг. на тэрыторыі Расійскай імперыі ( тут паўстае першае пытанне да «навукоўцаў» з дзяржСМІ: прычым тут Беларусь як асобная краіна). Другое пытанне яшчэ больш прынцыповае: ці ёсць, што святкаваць, маючы на ўвазе гвалтоўнае «вяртанне ўніятаў у праваслаўную веру».
На Віцебшчыне на 7% вырасла колькасць хворых на наркатычную залежнасць. І гэта толькі зафіксаваныя выпадкі
Вынікі падвялі спецыялісты Віцебскага абласнога цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі, дзе ёсць звесткі пра тых, хто стаіць на медычным уліку. Колькасць хворых на наркаманію ў Віцебскай вобласці ў 2023 годзе склала 54 выпадкі, гэта амаль 5 чалавек на 100 тысяч насельніцтва. Летась выяўлена 14 чалавек з залежнасцю ад таксічных рэчываў (у 2022 годзе - 8). Колькасць выяўленых спажыўцоў наркатычных і таксічных рэчываў без наступлення залежнасці склала 122 чалавекі і знізілася да ўзроўню 2022 года на 19,2 працэнта. Колькасць непаўналетніх у гэтых групах склала 14 чалавек (у 2022 годзе - 8 чалавек).