На яе месца прызначылі новую суддзю з Наваполацка – Сняжану Калінічэнка, якая адразу стала старшынёй Браслаўскага суда.  Яна таксама адзначылася раней вынясеннем палітычна матываваных прысудаў, напрыклад, настаўніка гісторыі гэтая так званая суддзя пасадзіла на 20 сутак за ўкраінскі сцяг на фота ў Фэйсбуку, а навапалачанку Кацярыну Леў за быццам знявагу ўладаў адправіла на два гады за краты і прысудзіла вялікі штраф 3700 рублёёў.

Паводле начальніцы аддзела назначэння пенсій і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольгі Камінскай, на ўліку на Докшыччыне на 1 лютага было 6813 пенсіянераў. Сярод іх жанчын – 4519, мужчын амаль ўдвая менш – 2294. Тыя, хто не мае неабходнага стажу для працоўнай пенсіі, атрымлівае сацыяльную пенсію. У Докшыцкім раёне такіх 191 чалавек. Пра сярэднестатыстычны партрэт пенсіянера ў Докшыцкім раёне напісала мясцовая раёнка “Родныя вытокі”.

Як піша сайт шаркаўшчынскай раёнкі “Кліч Радзімы”, у ААТ»Жвіранка» прайшоў так званы Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Інфармацыйна-прапагандысцкая група складалася з пракурора Шаркаўшчынскага раёна Максіма Лаўданскага, намесніцы начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ганны Мілевіч і старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандра Герната.

Актывісты, якія жывуць за межамі Беларусі, стварылі петыцыю, у якой просяць улады аднавіць доступ з-за мяжы да інфармацыі, якая змяшчаецца на сайце Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта(vitebsk-region.gov.by). Доступ да інфармацыйнага рэсурсу быў абмежаваны сёлета з 11 лютага. На думку тых, хто звярнуўся, такая сітуацыя стварае значны інфармацыйны бар'ер для людзей, якія знаходзяцца за мяжой. 

Віцебскае аддзяленне Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў падзялілася з гарадской газетай «Витьбичи» вынікамі анлайн-апытанняў, якія дэманструюць стаўленне жанчын да розных аспектаў жыцця. Так, кошты на прадукты і тавары першай неабходнасці лічаць самай важнай праблемай 55% адсоткаў апытаных жанчын, а тарыфы на камунальныя паслугі хвалююць кожную чацвёртую рэспандэнтку. Фінансавую стабільнасць і дабрабыт як адзін з жыццёвых арыенціраў выдзяляе кожная трэцяя жанчына.