Пра тое, што такую інфармацыю агучыў міліцыянт, які прыходзіў да яе дадому 10 красавіка, паведаміла ў Фэйсбуку жыхарка Віцебску Тамара Ільіна. У студзені 2021 года яе затрымалі ў прыгарадным Шпілёўскім лесе разам з яшчэ шасцю жанчынамі і абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні. Спадарыні выйшлі папрактыкавацца ў скандынаўскай хадзе, але апынуліся ў пастарунку. Іх 8 гадзінаў трымалі пад вартай без ежы і магчымасці прыняць лекі, нягледзячы на тое, што палова затрыманых віцяблянак была ўжо ў пенсійным веку... Пасля гэтага выпадку пенсіянерка Тамара Ільіна трапіла ў нейкі «спіс», паводле якога міліцыянты ладзяць свае рэйды.

У дзяржаўнай газеце «Витебские вести»апублікавалі артыкул пра патрыятычнае выхаванне. У ім карэспандэнтка Лілія Іўчанка распавяла пра віцебскага выкладчыка, які сказаў, што з дыпломам ягонай ВНУ будзе легка знайсці працу ў любой краіне свету. Педагагічныя кадры з такімі перакананнямі «нельга дапускаць у навучальныя аўдыторыі», — адкаментавала сітуацыю Таццяна Аўтухова, былая дырэктарка школы, а цяпер удзельніца камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу па адукацыі, культуры і навуцы.

У Віцебская вобласці шэсць аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны выстаўлена на таргі ў красавіку камітэтам "Віцебскаблмаёмасць". Усяго ж на красавік прызначана 50 аўкцыёнаў. Некаторыя аб'екты будуць прадавацца з устанаўленнем пачатковай цаны, роўнай адной базавай велічыні, т.б. за 37 рублёў.

У пачатку красавіка, як паведамляе сайт “Веснік Глыбоччыны” на базе ціра Сярэдняй школы № 1 імя Паўла Сухога  прайшло асабістае першынства Глыбоцкага раёна па кулявой стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, прысвечанае Году міру і стварэння.

Рэктарка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту Валянціна Багатырова мае навуковае званне доктара эканамічных навук. Тэма ейнай доктарскай дысертацыі – «Финансовое управление воспроизводством человеческого капитала: теория, методология, моделирование». Але менавіта спадарыні Багатыровай абласная газета «Витебские вести» дала «трыбуну» для выкладання тэзаў пра выхаванне сучаснай моладзі, якая «заблыталася ў сусветнай павуціне». Свае развагі рэктарка пачала з «узнікнення нефармальных груповак кшталту «ЧВК «Родан», а скончыла падзеямі 2020г., калі «праз сацыяльныя сеткі» патаемныя ворагі «уздзейнічалі на палітычныя ўстоі і грамадскія меркаванні юных беларусаў».