Пятніца, 22 Лістапад 2024

Гранітны знак з назвай Плошчы герба і сцяга будзе каштаваць віцебскаму бюджэту амаль 80 тысяч рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На гэтым знаку вышынёй амаль 4 метры будуць размешчаны герб Беларусі і дзяржаўны гімн. А ў перспектыве – і назва плошчы. Бо напачатку гэта будзе «гарадская прастора», а ўласна ў якасці плошчы яе прызнаюць ужо пасля адкрыцця – асобным рашэннем віцебскіх уладаў. Грошы на стварэнне новага аб'екта гарадской інфраструктуры бяруцца з мясцовага бюджэту, агульная сума выдаткаў публічна не паведамляецца.

Звесткі на сайце дзяржзакупак пра гатоўнасць набыць «Знак для объекта строительства «Возведение флагштока на территории Парка 1000-летия в г.Витебске» за 79 900 рублёў заўважыў Тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю». Набыць ужо гатовы знак, зроблены з некалькіх гатункаў граніту, аздоблены стальнымі дэкаратыўнымі элементамі з «залатым» пакрыццём, плануюць да 10 лютага наступнага года. На выраб выявы герба і шыльды з тэкстам гімна будзе абвешчаны асобны тэндэр, і адпаведна – на гэта будуць выдаткаваны асобныя грошы. Хочацца верыць, што ў гатовым выглядзе назва плошчы будзе напісана без памылак, якія былі заўважаны ў праектных маэрыялах.

Паколькі агульная сума, якую ўлады гатовы ўкласці ў стварэнне новай плошчы, не апублічваецца, людзі спрабуюць самі падлічыць прыкладныя выдаткі. Так, гарадскі актывіст Дзмітрый Карняенка высветліў, колькі будуць каштаваць асобныя элементы:

-светладыёдныя экраны (1125069,43 рублёў);
-інтэрактыўны стэнд (129520,51 рублёў);
-лаўкі (100 404,72 рублёў);
-урны бетонныя (19890 рублёў);
-урны палімербетонныя (19890 рублёў);
-кашпо бетонныя (54 450,66 рублёў);
-сістэма кіравання вонкавым асвятленнем (12 600 рублёў).

Агульная сума за гэта ўсё склала 1 461 825 рублёў. Цяпер да яе можна дадаць у 80 тысяч рублёў за адзін гранітны знак. «Пры афармленні плошчы выкарыстоўваецца граніт трох радовішчаў: Дзімаўскага і Краснагорскага ў Ленінградскай вобласці і з Узбекістана. Усяго трэба будзе абкласці каля 3,8 тысячы квадратных метраў тэрмаапрацаванай гранітнай брукаванкай. Таксама будзе ўсталявана звыш 770 пагонных метраў гранітнага бардзюра, і яшчэ 560 пагонных метраў бардзюра і 1,3 тысячы квадратных метраў пліткі з цэментабетону», - пісала газета «Віцьбічы».

Да слова, адзіная дэталь, якую падкрэсліваюць дзяржаўныя СМІ, - гэта інфармацыя пра тое, што ўласна флагшток пад дзяржаўны сцяг Віцебску падарыў мецэнат. І таму, маўляў, гэта бюджэту нічога не каштавала. У адрозненне ад усяго астатняга.

На новай Плошчы сцяга і герба, у аздабленне якой будуць укладзены вялізныя сродкі, кіраўніцтва вобласці збіраецца праводзіць афіцыйныя і ўрачыстыя мерапрыемствы. Паводле словаў старшыні аблвыканкама Аляксандра Субоціна, першапачаткова планавалі ствараць Плошчу сцяга і герба больш хуткімі тэмпамі і завяршыць працу ў 2024 годзе, «приурочив открытие к какому-нибудь значимому событию». Аднак будаўнічыя планы замарудзіліся, і, падобна, праз праблемы з фінансаваннем і пастаўкай неабходных матэрыялаў. Бо Аляксандр Субоцін раптам загаварыў пра тое, што «строить надо не спеша и качественно, в том числе, чтобы получилось не очень затратно».

Валянцін Конкін