Суддзя суду Наваполацка Сняжана Калінічэнка, 30 траўня вынесла прысуд мясцовай жыхарцы Кацярыне Леў. Улады вінавацілі яе ў абразе прадстаўнікоў улады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. За гэта суд пакараў жанчыну пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады і штрафам ў 3 700 рублёў. У чаканні суда Кацярына правяла 4 месяцы ў Віцебскім абласным ізалятары.

Суддзя суда Лёзненскага раёна Аляксей Лапушынскі 19 чэрвеня за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў пастанавіў пакараць штрафам у памеры 1110 рублёў работніка ААТ «Нафтан» жыхара Полацка Мікіту Белавусава, а таксама канфіскаваць прыладу адміністрацыйнага правапарушэння -мабільны тэлефон, які належыў «правапарушальніку».

Суддзя суда Чашніцкага раёна Таццяна Заруба 20 чэрвеня пакарала арыштам на 15 сутак Ігара Муравіцкага. Па версіі ўладаў "правапарушальнік" правёў у сацыяльных сетках пікет, на які не атрымаў дазволу ў чыноўнікаў мясцовага райвыканкама, а падчас масавага мерапрыемства выказваў свае грамадска-палітычныя інтарэсы.

Суддзя суда Докшыцкага раёна Вячаслаў Елісеенка 22 чэрвеня пастанавіў арыштаваць на 10 сутак механізатара ААТ "Барсучанка" Ігара Пашкевіча. Вяртанне бацькі з кароткатэрміновага зняволення будуць чакаць жонка і чатыры малалетнія дзіцяці.

30 чэрвеня адбылося чарговае папаўненне спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. На гэты раз у яго трапілі сацыяльныя сеткі сайта “Вольнае Глыбокае”. Старонка ва «Укантакце» «Volnaye Hlybokaye» і Instagram-старонка «Вольное Глубокое». Як вядома, папулярную ў рэгіёне газету “Вольнае Глыбокае”  яе заснавальнік Уладзімір Скрабатун закрыў з-за эканамічных праблемаў два гады таму, і з 1 студзеня 2021 года ў Віцебскай вобласці спыніўся яе выпуск.