Суддзя суда Аршанскага раёна і Оршы Мікалай Драгуноў 27 ліпеня за правядзенне пікету ў сацыяльных сетках пастанавіў аштрафаваць на 1110 рублёў аршанку Інгу Тыльчык.

Чашніцкі суд у асобе суддзі А.С. Смірновай прысудзіў былому прадпрымальніку, цяпер беспрацоўнаму, Уладзіміру Бакурыну 15 сутак арышту за падпіскі на так званыя экстрэмісцкія групы ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” і лайкі на іх матэрыялы.

Ірына Пярцова – адна з удзельніц палітычных перфомансаў, за якія 20 траўня 2022г. былі асуджаны чацвёра жыхароў Віцебска. Усе яны атрымалі розны тэрмін зняволення, Ірына Пярцова – найменшы. Суддзя Віцебскага раённага суду Міхаіл Зубеня прызнаў жанчыну вінаватай паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (Хуліганства, здзейсненае групай асобаў), і з улікам таго, што ў яе ёсць малое дзіця, асудзіў да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. Яна ўжо выйшла на волю, але высветлілася, што яна вінаватая зноў – за тое, што не выдаліла з тэлефона здымкі пра пратэстныя падзеі 2020 г.

3 жніўня ў санкцыйны спіс Еўразвязу дадалі яшчэ 32 асобы. Гэта суддзі, пракуроры, супрацоўнікі калоній. Што да Віцебшчыны, то пад санкцыі трапіў начальнік Наваполацкай ПК-1 Руслан Машадзіеў, прызначаны на гэтую пасаду (раней працаваў намеснікам начальніка) ў канцы красавіка. І ягоны папярэднік, вядомы сваім жорсткім абыходжаннем са зняволенымі, Андрэй Пальчык.

Суддзя Глыбоцкага раёна Аляксандр Аляксеенка 5 чэрвеня пастанавіў пакараць арыштам на 10 сутак былую настаўніцу Празарокскай СШ 66-гадовую Алену Кішкурну, якая ў сацыяльных сетках распаўсюдзіла «экстрэмісцкія» матэрыялы ўзятыя ёю на пяці інфармацыйных рэсурсах.