Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Наталля Карабліна 29 чэрвеня за ўпадабаную публікацыю на «экстрэмісцкім» інфармацыйным рэсурсе пастанавіла арыштаваць на 12 сутак віцебскага газаэлектразваршчыка Ігара Філімонава.

Жыхара г. Барані Віталя Шмата асудзілі да 15 сутак арышту за тое, што ён у нецвярозым стане выгукнуў «Жыве Беларусь!». Суддзя Мікалай Драгуноў прызнаў гэта несанкцыянаваным пікетаваннем і пакараў мужчыну паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП. Тлумачэнні падсуднага пра тое, што такім чынам ён выражаў любоў да сваёй дзяржавы, суд назваў не адпаведнымі рэчаіснасці. Якім чынам суддзя ў гэтым пераканаўся, застаецца загадкай.

Следам за ёй газета «Дняпроўская праўда» вырашыла папалохаць увесь раён. Выданне не толькі размясціла інфармацыю пра сустрэчу на прадпрыемстве, а яшчэ й працытавала старшыню суду Марыю Цыклінскую, якая лічыць найбольш бяспечным проста не заходзіць у Інтэрнэт, бо «кожны, гартаючы навінавыя стужкі, вольна ці нявольна захоўвае ў сябе ўвесь прагледжаны кантэнт». Больш дасведчаныя ў гэтых пытаннях інтэрнэт-карыстальнікі маглі б аспрэчыць старшыню суду, але сайт «раёнкі» не прадугледжвае магчымасці каментавання.

Суддзя суда Талачынскага раёна Алеся Саян 21 ліпеня за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацыяльнай сетцы пакарала штрафам у памеры 1110 рублёў мясцовую жыхарку маці двух дзяцей Насту Іванову.

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 18 ліпеня пастанавіла арыштаваць на 13 сутак работніка ААТ «Нафтан» Сяргея Шалавіна, за тое, што ён у сацыяльнай сетцы распаўсюджваў «экстрэмісцкія» матэрыялы. Адміністрацыйная справа бела разгледжана без удзелу «правапарушальніка».