Суддзя суда Расонскага раёна Рада Дамініч 14 жніўня пастанавіла пакараць штрафам у памеры 333 рублёў палітвязня Мікалая Машарскага за тое, што ён у сацыяльных сетках распаўсюдзіў публікацыі, якія змяшчалі нацысцкую атрыбутыку і сімволіку (ч.1 арт.19.10 КаАП). Адміністрацыйная справа была разгледжана без удзелу Мікалая, які зараз утрымліваецца ў Віцебскім абласным следчым ізалятары па абвінавачанні ў падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.2 арт. 342) і абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368) КК РБ.

Суддзя суда Полацкага раёна і г. Полацка Уладзімір Бясецкі 16 жніўня за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацыяльных сетках і недазволенае ўладамі пікетаванне арыштаваў на 25 сутак жыхара аграгарадка Гараны, бацьку траіх непаўналетніх дзяцей, які працуе будаўнікам у маскоўскай кампаніі Вадзіма Берднікава.

Суддзя суда Наваполацка Сняжана Калінічэнка 10 жніўня пастанавіла арыштаваць на 20 сутак мясцовую прадпрымальніцу ўладальніцу Студыі касцюміраванай выявы MAGIC WOOD Алену Зуброву. На думку суддзі, яна правяла ў сацыяльных сетках не дазволены ўладамі пікет і віртуальна распаўсюдзіла «экстрэмісцкія» матэрыялы.

Мужа і жонку вінавацяць за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці (Вячаслава Лазарава – паводле ч. 2 арт. 361 - 4 КК РБ, Таццяну Пыцько - паводле ч.1 арт. 361-4 КК РБ). Абодва знаходзяцца ў віцебскім СІЗА-2. Судовы працэс над імі пройдзе ў закрытым рэжыме ў Віцебскім абласным судзе. Справу будзе разглядаць суддзя Яўген Буруноў.

Судья суда Віцебскага раёна Міхаіл Зубеня 10 жніўня за захоўванне і распаўсюджванне публікацый, якія ўлады вызначылі як экстрэмісцкія, пакараў арыштам на 13 сутак Фурката Рызаева.