Валанцеры прааналізавалі працу суда Першамайскага раёна Віцебска і высветлілі, што суддзя Наталля Карабліна толькі за адзін дзень 26 чэрвеня асудзіла 5 чалавек па палітычных адміністрацыйных справах. Усіх прызнала вінаватымі і пастанавіла накіраваць пад арышт на тэрміны ад 10 да 15 сутак. Агулам атрымалася 65 сутак зняволення, прычым паводле «гендэрнага падыходу» суддзя накіроўвала за краты мужчын на 15 сутак, а жанчын – на 10.

21 ліпеня Наталля Барысавец прысудзіла штраф памерам 1110 рублёў шматдзетнай маці, пакараўшы яе за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. І літаральна праз два тыдні яе прадстаўлялі на новай пасадзе новаму калектыву – яна стала старшынёй Сенненскага раённага суда. Былую старшыню Інну Досаву ссунулі ў шэраговыя суддзі.

Суддзя суда Наваполацка Таццяна Хрыпач 27 ліпеня пастанавіла за правядзенне недазволенага ўладамі пікета ў сацыяльных сетках арыштаваць на 13 сутак апаратчыка палімерызацыі цэха №102 ААТ "Нафтан" завода "Палімір" бегуна на доўгія дыстанцыі Андрэя Беразоўскага.

Суддзя суду Першамайскага раёна Юрый Урбан 4 жніўня пакараў 23-гадовага Паўла Дунаева за здзек над дзяржаўнымі сімваламі паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса. Суд прызначыў маладому чалавеку кару ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады.

Штраф Вікторыі Казун, маці траіх дзяцей, 21 ліпеня прысудзіла суддзя Талачынскага райсуду Наталля Барысавец. У той самы дзень у Талачынскам райсудзе была асуджана да такога самага штрафу яшчэ адна жанчына з трыма дзецьмі – Вольга Кубарская. Яе судзіла Алеся Саян, якая толькі нядаўна пачала кар“еру суддзі. Абедзьвюх жанчын аштрафавалі з распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў – рэпосты ў сацыяльных сетках з інтэрнэт-рэсурсаў, якія ў Беларусі прызаныя «экстрэмісцкімі».