Чарговую справу аб абразе ў сацсетцы «Аднакласнікі» супрацоўніка ДАІ з Ганцавічаў Ігара Вольніча разгледзеў 3 лістапада суд Першамайскага раёну Віцебску. Гэтым разам па справе паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») праходзіў 41-гадовага цясляр аднаго з менскіх будтрэстаў Аляксандр Сафонаў. Яго абвінавачваюць у абразе ажно двух супрацоўнікаў МУС. Апроч Вольніча, ён «пакрыўдзіў» капітана міліцыі з Бабруйску Андрэя Комара.

1 лістапада Віцебскі абласны суд разглядзеў прыватную скаргу праваабаронцы Паўла Левінава на рашэнне суду Першамайскага раёну гораду, куды ён раней звяртаўся з заявай, у якой прасіў прызнаць інфармацыйныя матэрыялы журналіста Рыгора Азаронка экстрэмісцкімі. Суд Першамайскага раёну Віцебску адмовіў яму ў завядзенні грамадзянскай справы. Суддзя абласнога суду Святлана Волкава таксама не падтрымала ягоную скаргу.

Віцебскі абласны суд 29 кастрычніка разгледзеў скаргу аднаго з прафсаюзных лідараў наваполацкага прадпрыемства «Нафтан» Вадзіма Міхайлава. Ён спрабаваў адмяніць рашэнне наваполацкага суду, які 20 кастрычніка прысудзіў яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту за нібыта ўдзел у масавым мерапрыемстве (ч.1 арт. 24.23). Суддзя Ірына Смалякова скаргу не задаволіла, а рашэнне суду пакінула без зменаў.

Суд Полацку і Полацкага раёну 26 кастрычніка завяршыў разгляд крымінальнай справы, заведзенай на 51-гадовую прадавачку аднаго з гандлёвых цэнтраў. Жанчыну вінавацілі ў злачынствах, прадугледжаных адразу трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу -188, 364, 369. Суд прызнаў яе вінаватай у паклёпе, абразе прадстаўніка ўлады і пагрозе ўжывання гвалту да супрацоўніка ўнутраных спраў. Вырак – тры гады «хіміі».

22 кастрычніка суд Кастрычніцкага раёну Віцебску разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да 39-гадовага супрацоўніка транспартнай інспекцыі Юрыя Шылько. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – пікетаванні (ч.1 арт. 24.23 КаАП). Інспектара затрымалі падчас нясення службы – трое сутак ён правёў за кратамі. Прычынай затрымання сталася пратэставая налепка на бамперы ягонага аўто. На судзе Юрый Шылько заявіў, што гэта была правакацыя...