17 лютага суддзя Віцебскага абласнога суду Аляксандр Абашын пачне разгляд крымінальнай справы па ч.1 артыкула 130-1 («Рэабілітацыя нацызму»). У Беларусі гэта будзе першы працэс, на якім будуць судзіць па гэтым артыкуле. У рэабілітацыі нацызму абвінавачваюць 33-гадовага Аляксандра Вольскага, якога затрымалі на пачатку 2022 году.

1 лютага шэраг рэсурсаў праваабарончага цэнтру «Вясны» з'явіліся ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. «Экстрэмісцкай» была прызнаная 21 інтэрнэт-старонка Праваабарончага цэнтру — пералік іх займае ажно 2,5 старонкі ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 9 лютага скончыўся судовы працэс над 51-гадовым Андрэем Кузняцовым, у дачыненні якога была распачатая крымінальная справа за абразу менскай суддзі Вікторыі Шабуні (арт. 391 КК РБ). Мужчыну прызналі вінаватым і пакаралі абмежаваннем волі на 2,5 года без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. 

38-гадовага жыхара Браслава прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу – за заклікі да пратэстаў і распаўсюд інфармацыі пра пракурора Браслаўскага раёну, якую суд палічыў ілжывай (арт.188, ч.2 арт.203-1, ч.1 арт.342). 7 лютага справу Алега Раманчыка разбіраў суд Шаркаўшчыны і Шаркаўшчынскага раёну ў асобе суддзі Аксаны Табола.

4 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска скончыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 39-гадовага жыхара Віцебска дырэктара ПУП Аляксандра Міхайлава. Суддзя Сяргей Будрэвіч прызнаў падсуднага вінаватым у пагрозе ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі (арт. 366 КК РБ), абразе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 368) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369) і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады з адбываннем пакарання ў калоніі з агульным рэжымам.