У Віцебску за абразу міліцыянта асудзілі жыхарку Крычава
Суд Першамайскага раёну Віцебску пакараў жыхарку Крычава Марыну Каласкову абмежаваннем волі на паўтара гады з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, прызнаўшы яе вінаватай паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэксу. Суддзя Міхаіл Юрчанка асудзіў жанчыну за абразу былога начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталя Куляшова. Пацярпелы на паседжанне не зʼявіўся, але пісьмова звярнуўся ў суд з заявай аб спагнанні з абвінавачанай сродкаў у памеры 1000 рублёў за маральную шкоду. Суд задаволіў матэрыяльныя прэтэнзіі Куляшова.
Жыхару Верхнядзвінска прусудзілі арышт за «пікетаванне» на сайце Адміністрацыі Лукашэнкі
25 сакавіка суд Верхнядзвінскага раёна разглядзеў справу 22 гадовага мясцовага жыхара. Яго абвінавацілі па арт. 24.23 КаАП у тым, што ён правёў несанкцыянаванае пікетаванне на сайце Адміністрацыі Лукашэнкі. Суддзя Людміла Каваленка прызнала мужчыну вінаватым і арыштавала яго на 15 сутак.
20-гадовага студэнта Леаніда Шамава асудзілі за «навучанне масавым беспарадкам»
Жыхара Наваполацку, студэнта ПДУ асудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Віталь Лапко, суддзя Наваполацкага гарадскога суду, прызнаў хлопца вінаватым паводле ч. 3 арт. 293 КК («Навучанне або іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадкаў»). Суд праходзіў у закрытым рэжыме, каб пазбегнуць распаўсюду звестак пра метады грамадскага супраціву.
Жыхарку Полацкага раёна за абразу прэзідэнта пакаралі 4 гадамі "хатняй хіміі"
У судзе Полацка и Полацкага раёна 4 красавіка вынесены прысуд жыхарцы вёскі Дуброўны Любові Цвярдовай. 60-ці гадовую жанчыну абвінавацілі ў абразе прэзідэнта Беларусі па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Віктар Баліка і пакараў Цвярдову 4 гадамі абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і вялікім штрафам.
Святара асудзілі на 10 сутак арышту по абвінавачванні ў “пікетаванні” і “экстрэмізме”
Пробашча рыма-каталіцкай парафіі святога Апостала Андрэя ў Лынтупах ксяндза Аляксандра Барана 4 красавіка асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Нагадаем, 6 сутак святар ужо правёў за кратамі, таму засталося адбыць яшчэ 4 сутак. На свабоду ён павінен выйсці 8 красавіка, напярэдадні Пальмовай нядзелі, якую католікі адзначаць 10 красавіка.