У апошнія тыдні віцебскімі судамі былі вынесеныя абвінаваўчыя прысуды ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэставых падзей 2020 і 2021 гадоў. Два з паловай гады калоніі прысудзілі дзісненцу Аляксею Каршуну (ч.1 арт. 130 КК).

Абвінавачанні супраць падпалкоўніка расейскай паліцыі ў адстаўцы Андрэя Новікава былі выстаўленыя па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ: 371-2 («Незаконнае перасячэнне мяжы») і 342 ч. 1 («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 5 жніўня прызнаў яго вінаватым па абодвух артыкулах і прысудзіў да двух з паловай годоў няволі. Падтрымаць на судзе актывіста «Краіны для Жыцця» прыехалі яго знаёмыя з Паставаў.

Судом Чыгуначнага раёну 21 ліпеня 2021 году вынесены абвінаваўчы прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні 36-гадовага віцябляніна Аляксандра Жданава. Ён пакараны за публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў і правядзе, па рашэнні суду, на "хіміі" 2,5 года.

15 ліпеня 2021 года суддзя суда Кастрычніцкага раёна Віцебска Будрэвіч пры ўдзеле пракурора Мацвеевай разгледзеў крымінальную справу па абвінавачванні пяцідзесяцігадовага жыхара абласнога цэнтра ў здзяйсненні злачынстваў звязаных з публічнай абразай службовых асоб і прадстаўнікоў улады і суддзяў. Суд прызначыў пакаранне ў выглядзі двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама мужчына павінен выплаціць сямі пацярпелым матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў суме 12,5 тысяч рублёў.

9 ліпеня суд Першамайскага раёну Віцебску, разгледзеўшы крымінальную справу віцябляніна Аляксандра Мацвеева, абвінавачанага паводле арт. 369. КК, прызнаў яго вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Суддзя Наталля Карабліна цалкам задаволіла патрабаванне пракуратуры і прысудзіла Мацвееву адзін год і шэсць месяцаў «хіміі».