За тыдзень суды Віцебскай вобласці прызналі «экстрэмісцкімі» 7 медыярэсурсаў
З 8 па 15 снежня рашэннямі судоў Віцебску і Віцебскай вобласці былі залічаныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх 4 тэлеграм-рэсурсы, 2 каналы відэахостынгу «Youtube» і адна старонка ў сацсетцы «ВКонтатце» . Пры гэтым суды скарысталіся правам неадкладнага выканання сваіх рашэнняў, паколькі, на думку суддзяў, прамаруджванне ў выкананні рашэнняў можа нанесці значную шкоду дзяржаве або зрабіць немагчымым самое іх выкананне.
Анатоля Каханчыка кінулі за краты на 25 сутак. Ён адмовіўся перафарбоўваць БЧБ-хату
21 снежня гаспадара БЧБ-хаты ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну Анатоля Каханчыка прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 24.23 КаАП) і асудзілі на 25 сутак адміністрацыйнага арышту. Суд Полацку і Полацкага раёну вырашыў, што Каханчык зладзіў «несанкцыянаванае пікетаванне», пафарбаваўшы свой дом у Алёшчы ў бел-чырвона-белыя колеры. Перафарбоўваць яго мужчына катэгарычна адмовіўся.
Суд у Віцебску ліквідаваў грамадскія аб'яднанні чарнобыльцаў і змагароў са СНІДам
8 снежня 2021 году з ініцыятывы ўпраўлення юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Віцебскі абласны суд ліквідаваў дзве некамерцыйныя арганізацыі: «Наваполацк. Чарнобыль-цэнтр» і «Моладзевы культурна-адукацыйны цэнтр «Ростань». Толькі ў другім паўгоддзі 2021 году з ініцыятывы выканаўчых уладаў вобласці былі закрытыя 28 грамадскіх арганізацыяў і некамерцыйных устаноў.
68-гадовага віцябляніна асудзілі на 14 гадоў калоніі за замах на жыццё міліцыянта
Судовая калегія Віцебскага абласнога суду пастанавіла абвінаваўчы прысуд у дачыненні 68-гадовага жыхара Віцебску, якога вінавацілі ў хуліганстве, пагрозе забойствам і замаху на жыццё супрацоўніка ўнутраных спраў. Яго прызналі вінаватым і асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пра гэта паведамляе сайт Генеральнай пракуратуры.
У Полацку судзяць мужчыну за «акт тэрарызму» ў дачыненні ўдзельнікаў аўтапрабегу «За адзіную Беларусь»
14 снежня суд Полацкага раёну працягнуў разбор крымінальнай справы па абвінавачванні Руслана Слуцкага ў замаху на прывядзенне ў непрыдатнасць чыгуначных шляхоў зносін (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК), а таксама ў акце тэрарызму (ч. 1 арт. 289 КК). Справу разглядае суддзя Андрэй Дзергачоў і два народныя засядацелі, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Таццяна Шабека.