Былога супрацоўніка Верхнядзвінскага райвыканкама прызналі палітвязнем
Адпаведную заяву аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Аляксея Кісялёва і яшчэ 6-ці чалавек беларуская праваабарончая супольнасць агучыла 22 жніўня. 28 жніўня яго крымінальную справу пачнуць разглядаць у Віцебскім абласным судзе. 34-гадовага інспектара сектара спорту і турызму Верхнядзвінскага райвыканкама вінавацяць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 361-5 КК (праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці).
Асуджаныя за перадачу інфармацыі з судоў
23 жніўня ў Вярхоўным судзе ( суддзя Ігар Любавіцкі) разглядаліся скаргі па справе глыбоцкага трэнера і бодзібілдара Аляксандра Шарабайкі і пастаўчан Дзяніса Цыбульскага і Андрэя Стабулянца. Сёлета ў траўні-чэрвені крымінальную справу Шарабайкі, Цыбульскага і Стабулянца разбіралі ў Віцебскім абласным судзе. У залежнасці ад ролі кожнага, мужчын прызналі вінаватымі паводле арт. 368 КК(абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і ч.3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Яўген Буруноў. Распавядаем, што вядома пра яе сутнасць.