Страйк прадпрымальнікаў, што гандлююць таварамі, на якія неабходная сертыфікацыя, праходзіць у Віцебску. На Смаленскім рынку зачынена каля 80% ралетных шапікаў, прыкладна столькі ж - на Паўднёвым, больш за палову - на Полацкім. Патрабаваньне - адмяніць сэртыфікацыю тавараў, якая прынясе прадпрымальнікам велізарныя страты і прымусіць многіх сысьці з дробнага бізнэсу.

У сувязі з захворваньнем сьвіней прыпынены экспарт сьвініны з тэрыторыі Віцебскай вобласьці. Гэткае рашэньне ўтрымліваецца ва ўказаньні № 02/2526 ад 1 ліпеня 2013 году, апублікаваным на сайце дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня.

За замах на ўстанаўленьне кантакту з супрацоўнікам замежнай спэцслужбы без прыкметаў здрады Радзіме рашэньнем Віцебскага абласнога суду Андрэй Гайдукоў прысуджаны да аднаго з паловай гадоў калёніі агульнага рэжыму. Асудзілі яго паводле артыкулу 356-1 крымінальнага кодэксу (устанаўленьне супрацоўніцтва са спэцыяльнай службай, ворганам бясьпекі або разьведвальным ворганам замежнай дзяржавы). Як пракамэнтавалі прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру “Вясна”, гэты артыкул быў уключаны ў крымінальны кодэкс у лістападзе пазамінулага году і носіць вельмі расплывісты характар.

Жыхар Віцебску Пётар Іваноў ізноў аштрафаваны за адміністрацыйнае правапарушэньне, нібыта ўчыненае ім. Памер чарговага штрафу – 5 мільёнаў рублёў. Прычым пра тое, што яго судзілі, Пётар Іваноў даведаўся ўжо калі разгляд справы ў судзе завяршыўся: як сьцьвярджае спадар Іваноў, позву ў суд ён атрымаў на наступны дзень пасьля судовага паседжаньня.

Разгляд справы адбываецца ў закрытым рэжыме, таму дагэтуль невядома, ці зьмененая абвінавачваньне актывісту і якое пакараньне запрасіў пракурор. Аднак стала вядома, што прысуд Андрэю Гайдукову агучаць 1 ліпеня ў 11:00. Абвяшчэньне прысуду адбудзецца ў адкрытым рэжыме.

Жыхарка Віцебску прадала супрацоўнікам падатковай 28 кіляграмаў клубніцаў. Яны спачатку сумленна заплацілі 400 тысяч, а потым запатрабавалі ад прадаўца бясплатна аддаць ім астатнія 1,2 тоны ягад, электронныя шалі і машыну коштам амаль 5 тысяч даляраў.

27 чэрвеня па ўсёй Беларусі прайшоў папераджальны страйк індывідуальных прадпрымальнікаў, незадаволеных новымі ўмовамі гандлю ў рамках Мытнага зьвязу. У Віцебску страйк выйшаў ня дужа масавы: Полацкі рынак спыніў працу прыкладна на 40–50%, Паўднёвы і Смаленскі рынкі наогул працавалі цалкам.

Абвінавачаньне Андрэю Гайдукову, які раней абвінавачваўся ў дзяржаўнай здрадзе, перакваліфікаванае, ворганы пракуратуры просяць прызначыць яму больш мяккае пакараньне, заявіў генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк у пятніцу журналістам у Менску: “Гайдукову перакваліфікаванае абвінавачаньне, я пакуль ня маю права назваць новы артыкул, але мы просім для яго 2 гады пазбаўленьня волі. Гэта іншы артыкул, яго доля будзе значна больш мяккай”, - сказаў А. Канюк.

Расходная частка бюджэту на 2013 год павялічаная з 8,76 да 9,05 трыльёнаў рублёў. У параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі, бюджэт Віцебскай вобласьці ўдакладняўся асабліва часта. Папраўкі ўносіліся чатыры разы: у лютым, сакавіку, красавіку і траўні. Найбольшае павелічэньне сукупных заплянаваных выдаткаў адбылося яшчэ ў лютым (на 4%), а потым выдаткі пастаянна зьніжаліся да ўзроўню +3% у параўнаньні зь першапачатковым плянам, зацьверджаным пры канцы мінулага году.

Службоўцы віцебскага абл- і гарвыканкамаў, абласнога і гарадзкога саветаў дэпутатаў не задаволілі просьбу старшыні партыі БНФ вобласьці Леаніда Аўтухова аб тым, каб сябры партыі маглі прысутнічаць на паседжаньнях згаданых ворганаў улады. Прычына: маўляў, няма прававых падстаў для пастаяннага ўдзелу прадстаўніка партыі БНФ у паседжаньнях.