Выбарчая камісія Віцебскай сельскай акругі № 21: Вёска Буяны ня мае дазволу на правядзеньне масавых мерапрыемстваў
Давераная асоба гарадоцкага кандыдата ў дэпутаты Леаніда Аўтухова Кастусь Мардзьвінцаў накіраваў скаргу ў суд Чыгуначнага раёну Віцебску на рашэньне Віцебскага райвыканкаму аб забароне агітацыйнага пікету ў вёсцы Буяны. Кастусь Мардзьвінцаў 6 верасьня апавясьціў райвыканкам аб сваім намеры як даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Віцебскай сельскай выбарчай акрузе №21 зладзіць 10 верасьня пікетаваньне ў вёсцы Буяны Віцебскага раёну. Але ўжо на наступны дзень атрымаў паперу з адмовай у правядзеньні пікету.
Суд не задаволіў пазоў да газэты “Віцебскі кур’ер”
Тым ня менш кандыдат у дэпутаты Мікалай Петрушэнка за артыкул “От пущи до неволи: в тихом болоте черти водятся”, апублікаваны ў “Віцебскім кур’еры”, мусіць заплаціць 3 мільёны рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды, а таксама 600 тысяч дзяржапошліны. Гэткае рашэньне агучыла 11 верасьня судзьдзя Талачынскага раённага суду Натальля Барысавец у паседжаньні па пазове старшыні раённай арганізацыі “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Юрыя Лычкоўскага аб абароне гонару й годнасьці. Лычкоўскага абразіла тое, што аўтар згаданай публікацыі нібыта назваў яго браканьерам.
За Зьмітром Дашкевічам, які знаходзіцца ў адзіночцы ў віцебскім СІЗА, усталявалі кругласутачнае назіраньне
За лідэрам міжнароднай арганізацыі “Малады фронт” (Чэхія) Зьмітром Дашкевічам у віцебскім сьледчым ізалятары № 2 усталявалі кругласутачнае назіраньне. Пра гэта паведаміла намесьніца старшыні арганізацыі Анастасія Палажанка. Паводле яе слоў, 5 верасьня яна разам з адвакатам Дашкевіча наведала СІЗА № 2. «Мяне да Дашкевіча, вядома, не пусьцілі, зь ім сустракаўся ягоны адвакат», - адзначыла Палажанка.
На Барыса Хамайду склалі пратакол за “хуліганку”
У чацьвер 6 верасьня на віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайду, які на рагу “сіняга дому” на вуліцы Леніна ў Віцебску распаўсюджваў незалежную прэсу, быў складзены адміністрацыйны пратакол. Хамайду абвінавацілі ў тым, што ён парушыў грамадзкі парадак, схапіўшы за руку загадчыцу прадуктовай крамы “Веста”.
Праваабаронца Павал Левінаў праінфармаваў пракурораў аб Канвэнцыі супраць катаваньняў
Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў зладзіў кампанію па інфармаваньні ўсіх пракурораў Віцебскай вобласьці аб Канвэнцыі супраць катаваньняў ды іншых жорсткіх, бесчалавечных альбо прыніжаючых чалавечую годнасьць відаў абыходжаньня й пакараньня. За паўтара месяца ён сустрэўся з 25 пракурорамі, яшчэ двум адаслаў матэрыялы па пошце. Праваабаронца пакідаў пракурорам ў якасьці інфармацыйных матэрыялаў выніковыя заўвагі па Беларусі Камітэту ААН супраць катаваньняў, прынятыя на 47-й сэсіі Камітэту.
Аляксею Гаўруцікаву вярнулі канфіскаваныя падчас вобшуку рэчы
Кандыдата ў дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе № 18 Аляксея Гаўруцікава выклікалі ў РАУС Першамайскага раёну Віцебску і вярнулі рэчы, канфіскаваныя 30 жніўня падчас вобшуку аўтамабіля, на якім ён вяртаўся зь Менску: “Учора, 4 верасьня, мяне запрасілі на размову ў Першамайскі РАУС Віцебску. Маёр міліцыі Сяргей Касаткін паведаміў, што рэчы ў мяне былі канфіскаваныя незаконна, і вярнуў мне іх. Вярнулі і “Народную праграму”, і дыскі дачкі Алісы, і дакумэнты кандыдаткі Алены Фаміной.
Зьміцер Дашкевіч этапаваны ў віцебскае СІЗА
Лідэра незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Дашкевіча этапавалі з Глыбоцкай калёніі ў Віцебскі сьледчы ізалятар у ноч на 4 верасьня. Пра гэта паведаміла ў сваім акаўнце на Facebook ягоная нявеста Наста Палажанка: “Сёньня ўночы ў Зьмітра этап на Віцебскае СІЗА-2… Яго можна падтрымаць, даслаўшы паштоўку альбо тэлеграму па нумары 166 на адрэсу: Віцебск, Гагарына 2, СІЗА-2. 210026”.
За заклік да байкоту выбараў у Віцебску аштрафавалі Барыса Хамайду
Чатыры базавыя велічыні або інакш 400 тысяч рублёў штрафу – такі прысуд вынесла 3 верасьня судзьдзя суду Чыгуначнага раёну Віцебску Алена Цыганкова мясцоваму апазыцыянэру Барысу Хамайду за заклік да байкоту парлямэнцкіх выбараў. Актывіст выйшаў на вуліцу Леніна з плякатам «Незаконным выбарам у незаконную “палатку” - байкот!». Як распавядае Барыс Хамайда, ён каля дзьвюх гадзінаў прастаяў з плякатам каля гэтак званага “сіняга дому”, затым апазыцыянэра затрымалі міліцыянты і адвезьлі ў Чыгуначны РАУС, дзе склалі пратакол за несанкцыянаваны пікет, а плякат адабралі: