Штогод на заводзе «Палімір» ААТ «Нафтан» (Наваполацак) ажыцьцяўляюцца плянавыя прыпынкі на асноўных вытворчасьцях для рамонту. Але гэтым летам, як высьветлілася, ня ўсё пайшло гладка.

На зварот жыхара вёскі Котава Анатоля Каваленкі з просьбай добраўпарадкаваць закінутую магілу замардаванай партызанскай сям'і чыноўнікі Віцебскага райвыканкаму адказалі, што гэтым павінны займацца сваякі пахаваных за свой кошт.

7-8 жніўня Глыбоцкая суполка ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» прымала гасьцей. Сёлетні карпаратыўны фэст сабраў больш за 40 удзельнікаў і пакінуў сьлед ня толькі ў іх памяці ды на флэшках фотаапаратаў, але і ў Вікіпэдыі.

Гаспадары на чале з Тацьцянай Смоткінай старанна рыхтаваліся паказаць свой улюбёны горад найлепшым чынам, і знаёмства зь ім атрымалася сапраўды ўсебаковым: і зьверху, і зьнізу, і знутры. Мясцовыя краязнаўцы Ўладзімер Скрабатун і Юры Каўбасіч правялі групу БАЖаўцаў па цэнтры гораду, распавёўшы пра яго гісторыю і пра сваіх выбітных землякоў. А ў царкве Раства Прасьвятой Багародзіцы (першапачаткова – касьцёл ордэну кармэлітаў) гасьцям дазволілі нават спусьціцца ў старажытныя сутарэньні і падняцца на званьніцу.

Знаёмства з Глыбоччынай працягнулася і падчас працы ў камандах – кожная зь іх атрымала заданьне напісаць для Вікіпэдыі артыкул на пэўную тэму: пра «Вішнёвы фэст» і селекцыянэра Баляслава Лапыра, пра магілу і помнік Мюнхгаўзэну, пра Напалеона ў Глыбокім, пра мясцовы дэндрапарк і пра газэту «Вольнае Глыбокае».

Напачатку адбыўся майстар-кляс ад арганізацыі «Фаланстэр»: трэнэры патлумачылі тэхнічны бок справы і расказалі, па якіх крытэрах будуць ацэньваць працы «вучняў». Журналісты адказна падышлі да справы і сапраўды «капалі глыбей», пакінуўшы ў Вікіпэдыі шэсьць паўнавартасных артыкулаў – найлепшую падзяку глыбачанам за гасьціннасьць.

Увечары госьці пераехалі на аграсядзібу ў вёсцы Валодзькава, дзе іх чакала прахалоднае возера, а потым – вячэра, вогнішча, рамантычны Зьміцер Вайцюшкевіч, танцавальны майстар-кляс пад дуду і скрыпку і безьліч зораў на чыстым жнівеньскім небе.

На наступны дзень журналісты пасьнедалі, крыху падужаліся ў рыбалцы, дартсе і валейболе і перайшлі да падрыхтоўкі прэзэнтацыяў каманд. Нягледзячы на анамальную сьпёку, многія прэзэнтацыі атрымаліся надзвычай крэатыўнымі і энэргічнымі.

baj.by

View the embedded image gallery online at:
https://vitebsk.dns.army/news/roznae?start=505#sigProIdf92c8f4538

4 жніўня на прадпрыемстве «Віцебскдрэў» была абвешчаная сустрэча з дэпутатам. Афіцыйна ўваход на яе быў вольны. Наведаць сустрэчу паспрабавала каардынатар аргкамітэту БХД ў Віцебску Тацьцяна Севярынец, якую цікавілі пытаньні пра стан мэдыцыны ў горадзе, даўгабуды, марудныя рамонты, доўгія чэргі ў рэгістратурах, тым больш, што маючы быць на сустрэчы дэпутат – галоўны лекар больніцы №2 (дзе рамонт аднаго з карпусоў доўжыцца ўжо гады чатыры).

Але ў будынак яе не пусьцілі людзі ў камуфляжы: Куды? – На сустрэчу з дэпутатам. – А вы ў нас не працуеце! (Няўжо ўсіх ведае ў твар?) – Я жыву ў гэтым раёне, хачу паслухаць дэпутата. – Чакайце! (некуды пабег) Вам не паложана! (вярнуўшыся) – Чаму? – Гэтая сустрэча толькі для працоўных прадпрыемства. – А я чым буду замінаць? – Не паложана!

У выніку каардынатара БХД выціснулі з прыступак.

«Да народу я, выходзіць, не належу. Ні мой прыстойны настаўніцкі выгляд, ні ўзрост ня сталі пропускам на гэтую таямнічую сустрэчу. Дарэчы, народу я там і блізка ня бачыла. Пэўна, людзей са зьмены адразу ланцужком заганялі ў залю з двара прадпрыемства: працоўны дзень заканчваецца а 17:00, сустрэча прызначаная на 16:30. Ну чаму б, каб заахвоціць людзей палюбавацца на дэпутата, не скараціць на паўгадзіны працоўны час?» – адзначае Тацьцяна Севярынец.

«Уся справа, відаць, у тым, што набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары. Пустыя пікеты галоўнага прэтэндэнта, са сьлязьмі вымольваемыя настаўнікамі ў родных і блізкіх подпісы ў падтрымку галоўнага (кожнаму даведзены плян — 200 подпісаў з калена выламі, інакш… ну, самі ведаеце, што), абяцаньні студэнтам забясьпечыць інтэрнатам, каб толькі яны папрацавалі ў ініцыятыўнай групе. Калі мне паведамлялі пра гэтую сустрэчу, прыкладна так і казалі: будуць агітаваць прыйсьці на выбары і прагаласаваць за дзейнага. Няхай сабе нелегітымнага, але ж усе слухаюцца яго… А прамовы спадарыні Ярмошынай перад міжнароднымі назіральнікамі, старшынямі камісіяў наконт забароны выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс падчас кампаніі для першых гучаць як дэманстрацыя выкананьня літары Закону, для другіх – як кіраўніцтва да дзеі з дакладнасьцю наадварот», – мяркуе Тацьцяна Севярынец.

Крыніца: Прэсавая служба БХД 

Трывожная тэндэнцыя намецілася па выніках першага паўгодзьдзя: упершыню за некалькі апошніх гадоў у вобласьці зафіксаваны значны рост падлеткавай злачыннасьці.

Для пошуку шляхоў вырашэньня праблемы ва УУС аблвыканкаму прайшла міжведамасная селектарная нарада, ініцыяваная пракуратурай вобласьці. Удзел у дыскусіі ўзялі кіраўнікі ўсіх РАУС Віцебшчыны, прадстаўнікі ўлады, старшыні камісіяў па справах непаўнагадовых.

Першы намесьнік пракурора вобласьці Аляксандар Сідаровіч адзначыў, што, нягледзячы на ​​агульнае скарачэньне злачыннасьці, крымінагенная сытуацыя ў моладзевым асяродзьдзі цяпер ня радуе. У першым паўгодзьдзі зарэгістравана амаль на 8% больш злачынстваў (126), учыненых падлеткамі, у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Асабліва турбуе рост колькасьці злачынстваў, учыненых у нецьвярозым стане (з 12 да 18), цяжкіх (з 7 да 10), групавых злачынстваў (з 36 да 44). Больш адбылося і адміністрацыйных правапарушэньняў, нярэдка зьвязаных з расьпіцьцём сьпіртнога. Маладзёны найчасьцей зьдзяйсьняюць крадзяжы, хуліганскія дзеяньні, удзельнічаюць у наркагандлю.

Падчас нарады работнікі пракуратуры агучылі вынікі наглядных мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў дачыненьні да шэрагу інспэкцыяў па справах непаўнагадовых. У некаторых выявілі фармалізм у працы з падлеткамі, недастатковую дзейнасьць па разьяднаньні моладзевых груповак, накіраваньні злосных парушальнікаў закону ў спэцыяльныя навучальныя ўстановы закрытага тыпу.

Па выніках сустрэчы распрацаваны комплекс прафіляктычных і папераджальных мерапрыемстваў, якія, як спадзяюцца праваахоўнікі, да канца году нармалізуюць крымінагенную абстаноўку сярод моладзі.

Крыніца: Витебские вести