11-12 кастрычніка ў Наваполацку праходзіў нацыянальны сэмінар моладзевай сеткі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, па тэме - «Калектыўныя перамовы». На сустрэчы была прадстаўленая кароткая прэзэнтацыя матэрыялу па калектыўных перамовах і асабістым досьведзе моладзевага экспэрта галяндзкага прафсаюзу ФНВ Бандгэнотэн. Моладзевыя актывісты вылучылі асноўныя элемэнты вядзеньня перамоваў з наймальнікам і замацавалі атрыманыя веды практычнымі заняткамі ў выглядзе ролевай гульні.

У Віцебску 11 кастрычніка адбылася абласная канфэрэнцыя ўдзельнікаў кампаніі «Народны кантроль», якая праводзіцца ў пяці населеных пунктах вобласьці. У канфэрэнцыі ўдзельнічалі каля 30 актывістаў кампаніі. Сярод удзельнікаў былі таксама сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, адказны сакратар Дзяніс Садоўскі, каардынатар аргкамітэту па Віцебшчыне Тацьцяна Севярынец.

Знакаміты «Буквар» Сьпірыдона Собаля 1631 году выданьня быў прэзэнтаваны ўсім беларусам у пятніцу, 10 кастрычніка, у Воршы, дзе завяршыўся тыднёвы фэст «Беларусь праваслаўная». «Буквар» быў надрукаваны ў вядомай Куцеінскай друкарні.

У Віцебскай вобласьці за парушэньне тэрмінаў адказу на крытыку ў СМІ за студзень-верасень 2014 году прыцягнутыя да адказнасьці дзесяць службовых асоб, паведамілі ў Камітэце дзяржкантролю Віцебскай вобласьці.

Пад руінамі свайго двухпавярховага дому баяцца апынуцца жыхары дому №21 па вуліцы Садовай, што ў Глыбокім. Там жывуць дзьве сям’і, у адных кватэра – прыватызаваная, у другіх – не. Сам дом знаходзіцца на балянсе кансэрвавага заводу, які амаль банкрут. У доме разбураецца цагляная сьцяна, працякае дах і паўсюль цьвіль.