4 студзеня ўладальнік сялянскай фермерскай гаспадаркі «Плавь» Віктар Быкаў з невялікай вёскі Канашы быў прыцягнуты да адказнасці паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП. Гарадоцкі раённы суд пакараў 54-гадовага фермера адміністрацыйным арыштам на 10 сутак за ўзняты на падворку бел-чырвона-белы сцяг.

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 22 студзеня вынес рашэнне ў адміністрацыйнай справе паводле арт.23.34 КаАП у дачыненні да студэнтак 2-га курсу ВДМУ Паліны Нітчанкі і Анастасіі Лявонцьевай. Суддзя Уладзімір Царыкаў прызнаў удзел дзяўчат у не дазволеным уладамі пікетаванні даказаным і пакараў Паліну Нітчанку 10-цю суткамі арышту, Анастасію Лявонцьеву – штрафам у памеры 16 базавых велічынь.

Суд гораду Наваполацку 21 студзеня вынес прысуд у крымінальнай справе супраць Віктара Шаўры і Віталя Шыцікава паводле арт. 342 КК (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак) за падзеі 10 жніўня ў Наваполацку. Суддзя Віталь Лапко асудзіў іх на два гады «хіміі» кожнага, паведамляе ПЦ «Вясна».

21 студзеня суд Дубровенскага раёну прысудзіў прадпрымальніку Міхаілу Чамураку 7 сутак адміністрацыйнага арышту паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП. Бел-чырвона-белыя паветраныя балонікі, вывешаныя на акне прыватнага дому, суд палічыў публічным выказваннем грамадска-палітычных інтарэсаў. Актывіста ўзялі пад варту адразу пасля абвяшчэння прысуду.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску распачаўся разбор справы ў дачыненні 22-гадовай Юліі Кашаверавай, якая ўжо тры месяцы ўтрымліваецца пад вартай у СІЗА-2. Дзяўчыну абвінавацілі ў злачынстве, прадугледжаным ч.2 арт. 339 КК («Хуліганства»). Ёй пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.