Яўгеній Карпас, не называючы імёнаў, дазваляе сабе маляваць вобраз нейкага блазна, які «последние годы после выхода на пенсию, видимо от скуки, он стал много времени проводить в интернете и публично выражать свое мнение на разного рода события. За распространение на своих страничках соцсетей информационной продукции, признанной экстремистскими материалами, его несколько раз привлекали к административной ответственности». Апошняе сцверджанне не адпавядае рэчаіснасці, і ўвогуле гісторыя зняволення палітвязня выглядае зусім іначай.
Аляксандра Патапава ўсяго аднойчы аштрафавалі па арт. 19.11 КаАП за рэпост з рэсурсу, прызнанага «экстрэмісцкім». Пазней, 25 жніўня 2022 г. ён быў затрыманы і ўзяты пад варту па падазрэнні ў абразе Лукашэнкі праз каментары ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники». Больш за тры месяцы ён знаходзіўся ў СІЗА-2, дзе не атрымліваў належнай медычнай дапамогі.
Падчас судовага разбіральніцтва, якое праходзіла ў судзе Віцебскага раёну, Патапаў патлумачыў свой учынак: падчас ракетнага абстрэлу Кіева загінула пляменніца Аляксандра, а ейная трохгадовая дачка была сурʼёзна параненая. Пасля гэтага, знаходзячыся пад уплывам эмоцый, 8 і 16 ліпеня 2022 г. ён размясціў у сацыяльнай сетцы два каментары, якія экспертыза палічыла абразлівымі. Мужчына прызнаў сваю віну, пра што казаў у апошнім слове. Але суд не захацеў яго слухаць і перарваў прамову, калі Аляксандр Патапаў ужыў некалькі словаў па-ўкраінску. Яны былі ідэнтычныя беларускім, але суддзя Наталля Траццякова абурылася, заявіўшы, што падсудны мае права карыстацца толькі рускай або беларускай мовай.
16 лістапада 68-гадоваму вяскоўцу быў вынесены прысуд: мужчыну прызналі вінаватым у абразе прэзідэнта паводле ч.1 арт. 368 Крымінальнага Кодэкса. Суддзя Наталля Траццякова прызначыла пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады ва ўмовах агульнага рэжыму.
Як цвердзіць у сваім артыкуле Яўгеній Карпас, палітвязень не здолеў «отделить правду от лжи, читая новости о происходящих в соседних странах событиях». Пра тое, што ў Аляксандра Патапава падчас вайны ва Украіне пацярпелі сваякі, і гэта чыстая праўда, журналіст дзяржаўнай газеты не згадвае.
Таццяна Віктарава