У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3-4 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Акцыя пратэсту каля Стэлы ў Мінску. Фота: Васіль Федосенка/Reuters Суд Ленінскага раёна Мінска 20 кастрычніка асудзіў жыхароў Смалявічскага раёна мужа і жонку Дзмітрыя Садавога і Ганну Арэхаву за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

У судзе Круглянскага раёна 31 кастрычніка асудзілі двух мясцовых жыхароў 18 і 19 гадоў да года калоніі кожнага. Дзяніса Вараб'я і Івана Вараб'я прызналі вінаватымі ў здзеку над дзяржаўным сцягам паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса за тое, што летам яны сарвалі чырвона-зялёны сцяг з будынку сельскага клуба і пашкодзілі яго мацаванне. Жорсткі прысуд хлопцам вынес суддзя Дзмітрый Сасноўскі.  Згодна з матэрыяламі справы абвінавачаныя двойчы ў ноч з 23 на 24 ліпеня 2022 года "з мэтай дэманстрацыі свайго абразлівага і блюзнерскага стаўлення да дзяржаўнага сімвала сарвалі ўсталяваны на будынку сельскага клуба Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, пашкодзіўшы яго мацаванне". Свае дзеянні яны фатаграфавалі і здымалі на відэа на мабільныя тэлефоны. 

Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці 2 лістапада 2022 г.

Суд у Маладзечна. Ілюстрацыйнае фота: rh.by 3 лістапада 2022 года ў судзе Маладзечна і Маладзечанскага раёна суддзя Вадзім Петрусевіч прызнаў Людмілу Самак вінаватай паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Ён асудзіў яе да года пазбаўленні волі ў калоніі агульнага рэжыма. 

Першага лістапада ў Чэрыкаўскім раённым судзе разгледзелі справу таксіста Дзмітрыя Іванова, якога абвінавацілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса за тое, што жодзінскі міліцыянт Мікалай Бараноўскі палічыў сябе абражаным ягоным каментаром у сацсетках. 

Колькасць палітвязняў у Беларусі павялічваецца штотыднёва— толькі ў кастрычніку 53 чалавекі былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Асуджаныя па палітычна матываваных справах выходзяць на волю, адбыўшы свае тэрміны цалкам. Па дадзеных "Вясны", у верасні з месцаў няволі выйшлі мінімум 28 палітвязняў, 16 з якіх — адбылі свае тэрміны цалкам, а 12 былі асуджаны да "хатніх хімій" і вызвалены са следчых ізалятараў. За што палітзняволеныя адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае "Вясна" ў штомесячным дайджэсце. 

Ад раніцы 30 кастрычніка ў папраўчых установах адкрытага тыпу супрацоўнікі ГУБАЗіКу і АМАПу ладзілі затрыманні, ператрусы, допыты, выняцце тэлефонаў на "праверку" ў палітзняволеных, асуджаных да абмежавання волі. Таксама вядома, што ў некаторых ПУАТ затрыманні праводзілі і супрацоўнікі КДБ. Па інфармацыі праваабаронцаў, мінімум у 12 папраўчых установах прайшла "зачыстка". Затрыманы мінімум 22 палітвязні, але прозвішчы вядомыя покуль толькі шаснаццаці з іх. Палітвязняў працягваюць судзіць па адміністрацыйных справах і ўтрымліаць у раённых ІЧУ. "Вясна" сабрала хроніку пераследу асуджаных да "хіміі" палітвязняў. Раніцай у нядзелю, 30 кастрычніка, адразу ў некалькі папраўчых установаў прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і АМАПу. Асуджаных выклікалі на допыты, праводзілі ператрусы, правяралі тэлефоны, а потым некаторых затрымлівалі. Па інфармацыі праваабаронцаў, мінімум сем чалавек ужо асудзілі па адміністрацыйных пратаколах да арышту, яшчэ дзве жанчыны чакаюць суд. Сілавікі пагражалі палітвязням не толькі адміністрацыйнымі справамі, але і крымінальнымі. Вядома, што ў некаторых палітвязняў, чые тэлефоны правяралі міліцыянты, сілавікі зайшлі ў іх тэлеграм-акаунты са сваіх прыладаў.

У Брэсцкім абласным судзе асудзілі Эдгара Шырко паводле арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Сяргей Беразюк. Эдгара затрымалі па крымінальнай справе, распачатай за каментары ў сацсетцы "Вконтакте" пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.

Суд Першамайскага раёна Мінска 1 лістапада пачаў разглядаць крымінальную справу супраць трох лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Аксаны Аляксеевай, Мікалая Казлова і Антаніны Кавалёвай. Судовы працэс вяла суддзя Анастасія Кулік, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Іна Зубко. Палітвязняў абвінавацілі ва ўдзеле ў «Маршы новай Беларусі» ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Сёння былі агучаны прысуды: Антаніне Кавалёвай — адзін год калоніі, Аксане Аляксеевай — паўтара года калоніі, Мікалаю Казлову — два з паловай года калоніі. "Вясна" публікуе падрабязнасці суда і апошнія словы палітзняволеных. Палітвязням ставіўся ў віну "актыўны ўдзел" у нядзельным Маршы ў Мінску 23 жніўня 2020 года — "Марш новай Беларусі".