У Віцебску прэзэнтавалі кнігу "Фэмінізацыя беларускай мовы"
На мінулым тыдні ў Віцебску адбылася прэзэнтацыя кнігі Ўладзіслава Гарбацкага “Фэмінізацыя беларускай мовы”. Арганізатарамі выступілі праваабарончы праект “ГейБеларусь” пры падтрымцы “Незалежнага кінаклюбу”.
Віцебскія ўлады не далі дазволу на вулічнае шэсьце 10 сакавіка
Віцебскі гарвыканкам адмовіў актывісту КХП-БНФ Яну Дзяржаўцаву ў дазволе на правядзеньне вулічнага шэсьця, прымеркаванага да 150-х угодкаў паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Прычына забароны акцыі стандартная: адсутнасьць дамоваў, прадугледжаных рашэньнем гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску».
Сяргей Каваленка: Захад дэградуе!
Віцебскі актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка мяркуе: камітэт па правох чалавека ААН не падтрымаў яго скаргу, таму што “Захад дэградуе”. “Эўропа адмовілася ад сваіх нацыянальных і хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, менавіта таму ў ААН мяне не падтрымалі”, — так пракамэнтаваў Каваленка адмову Камітэту па правох чалавека (КПЧ) ААН прызнаць факты парушэньня беларускай дзяржавай яго грамадзянскіх і палітычных правоў.
Мітынг у Дзень Волі адбудзецца. Не пазіраючы ні на што!
Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў 6 сакавіка падаў заяўку на правядзеньне мітынгу ва ўшанаваньне 95-х угодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Паводле яго слоў, мітынг плянуецца правесьці 25 сакавіка з 17:30 да 18:30 на віцебскім стадыёне «Лякаматыў». Аўтухоў таксама напісаў скаргі ў пракуратуру і Віцебскі аблвыканкам на адмову прадстаўнікоў хуткай дапамогі і міліцыі заключыць дамовы на забесmпячэньне суправаджэньня масавага мерапрыемства.
Дырэктар “Славянскага базару” напісаў заяву аб звальненьні
Нязьменны шматгадовы дырэктар міжнароднага фэстывалю “Славянскі базар у Віцебску”, дырэктар Цэнтру культуры “Віцебск” Радзівон Бас падаў 1 сакавіка заяву аб звальненьні. Адначасова зь ім падала заяву на звальненьне і галоўны бухгальтар установы. На думку віцебскіх прадстаўнікоў грамадзкасьці, неўзабаве могуць быць і іншыя заявы аб звальненьні, паведамляе ІА Regnum.
Камітэт па правох чалавека ААН не задаволіў скаргу Сяргея Каваленкі
Камітэт па правох чалавека ААН адмовіў сябру КХП-БНФ Сяргею Каваленку ў прызнаньні факту парушэньня яго правоў, прадугледжаных артыкуламі 2, 14, 19, 26 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох. Сяргей Каваленка зьвярнуўся ў КПЧ ААН пасьля таго, як Кастрычніцкі райсуд Віцебску за вывешваньне 7 студзеня 2010 году сьцягу на ёлцы ў цэнтры гораду прызнаў яго вінаватым у зьдзяйсьненьні «дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», прадугледжаных артыкуламі 339 і 363 Крымінальнага кодэксу.
Рух “За свабоду” просіць МУС абавязаць віцебскую міліцыю выконваць заканадаўства
Абласны каардынатар Руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў зьвярнуўся ў Міністэрства ўнутраных спраў з просьбай абавязаць кіраўніцтва мясцовай міліцыі выконваць заканадаўства. “Я прашу абавязаць кіраўніцтва Ўпраўленьня ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму надалей няўхільна выконваць патрабаваньні заканадаўства аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў і заключыць са мной дамову аб ахове грамадзкага парадку падчас правядзеньня масавага мерапрыемства 25 сакавіка ў Віцебску”, – адзначае мясцовы кардынатар руху.
Віцебскі кіраўнік руху «За свабоду» хоча прымусіць лекараў да супрацы
Абласны каардынатар Руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў накіраваў у суд Кастрычніцкага раёну Віцебску заяву аб прымусе лекараў да заключэньня дамовы аб мэдычным абслугоўваньні мітынгу. Згодна з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму ад 10.07.2009 № 881 “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску”, заяўнікі вулічнага мерапрыемства, калі яго арганізатарам не зьяўляюцца дзяржворганы, павінны да заявы прыкладаць дамову, загадзя заключаную з установай аховы здароўя аб мэдычным абслугоўваньні падчас правядзеньня мерапрыемства.
Віцебскі актывіст БХД змагаецца за рамонт падземнага пераходу
Сябра нацыянальнай рады аргкамітэту БХД Уладзімер Сіманковіч у межах кампаніі “Рада народных дэпутатаў” сабраў 30 подпісаў пад скаргай у Віцебскі гарвыканкам. “У сувязі зь нездавальняючым станам падземнага пераходу па праспэкце Маскоўскім, скрыжаваньні з вуліцай Церашковай і вуліцай П. Броўкі, ініцыятыўная група грамадзян зьвяртаецца з просьбай аб садзейнічаньні гарадзкога выканаўчага камітэту ў рамонце ўсіх лесьвічных маршаў, якія вядуць да ўсіх выхадаў вышэйназванага аб’екту”, - гаворыцца ў скарзе.
Віцебскі аблвыканкам папярэдзіў аматараў пісаць скаргі
У Віцебскім аблвыканкаме створаная працоўная група для вызначэньня неабходных мер рэагаваньня на неабгрунтаваныя звароты грамадзян, што сыстэматычна накіроўваюцца ў аблвыканкам, паведамілі ў аддзеле па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб аблвыканкаму. У дачыненьні да 17 “хранічных” заяўнікаў на падставе пункту 1 артыкулу 21 (разгляд паўторных зваротаў) закону “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” прынятыя рашэньні аб спыненьні ліставаньня па выкладзеных у зваротах пытаньнях, у тым ліку з 9 грамадзянамі, якія сыстэматычна накіроўвалі такія звароты ў аблвыканкам і вышэйстаячыя дзяржаўныя ворганы.