На 51 дзень спыніў галадоўку асуджаны актывіст «Рабочага руху» Аляксандр Капшуль
Жыхар Новалолацка Капшуль спыніў галадоўку 20 лютага. Стан яго здароўя здавальняючы, але мужчына дужа схуднеў. Галадоўкай, якую абвясціў 31 снежня, Аляксандр Капшуль дамагаўся ад адміністрацыі следчага ізалятара Гомеля выканання ўсіх нормаў і правілаў утрымання зняволеных.
Палітвязня Алега Рубца 60 сутак утрымлівалі ў ШІЗА
Па рашэнні наваполацкай суддзі Вольгі Баліка палітзняволенага пінчука Алега Рубца ў чэрвені 2022 года перавялі на тры гады з калоніі ў следчую турму № 8 г. Жодзіна. У калоніі яго рэгулярга змяшчалі ў ШІЗА, а таксама ўтрымлівалі ў ПКТ.
Жыхар Воршы Андрэй Рускіх прызнаны палітвязнем
Мужчына чакае суда за каментары ў сеціве Інтэрнэт паводле абвінавачвання ў распальванні сацыяльнай варожасці і абразе А. Лукашэнкі па арт. 130 і 368 КК узяты пад варту і ўтрымоўваецца на працягу доўгага тэрміна ў Віцебскім абласным СІЗА №2. Заява праваабарончых арганізацый змешчына тут.
У калонію «Віцьба-3» трапіў яшчэ адзін палітвязень – Алесь Папковіч
Па інфармацыі праваабаронцаў, у віцебскую калонію №3 Алеся Папковіча перавялі яшчэ да разгляду апеляцыйнай скаргі, і на той момант яго прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу. Палітвязня асудзілі 5 снежня 2022 г. у судзе Заводскага раёну Менску. Суддзя Дзмітрый Астапенка прызначыў хлопцу два гады зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. І ўжо ў студзені Алесь Папковіч апынуўся ў «Віцьбе-3», прычым адразу ў памяшканне камернага тыпу. Па выніку разгляду апеляцыі, хлопца перавялі на каранцін у той самай калоніі, бо прысуд пакінуты без зменаў. Агулам у віцебскай ПК №3 ўтрымліваюцца 90 палітзняволеных.
Палітуцекачы з Віцебску Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі хочуць напісаць кнігу пра сваю гісторыю
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года бацька і сын Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі бралі ўдзел у акцыях пратэсту. Калі яны зразумелі, што пасля сутычкі з міліцыяй ім пагражае затрыманне, яны паехалі ў Менск і перабраліся праз плот дыпламатычнага прадстаўніцтва Швецыі. Амаль два гады яны заставаліся на тэрыторыі пасольства, а потым здолелі збегчы ў Латвію. Днямі ў гэтай краіне яны атрымалі статус уцекачоў... Увесь гэты час яны вялі дзённік, апісваючы кожны дзень сваіх вымушаных уцёкаў з Віцебску. А цяпер плануюць напісаць кнігу пра тое, што адбывалася з імі пасля верасня 2020 года.