У абноўлены  30 сакавіка Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі  дадалі 6 інфармацыйных рэсурсаў, прызнаных судамі Віцебскай вобласці "экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй". Ніводзін з іх не мае дачынення да Віцебшчыны.

У абноўленым 27 сакавіка пераліку асобаў, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, унесена прозвішча Данііла Сачыўкі. У Віцебскім абласным судзе ён быў асуджаны,падобна, да “хатняй хіміі” – насупраць ягонага прозвішча пазначана “судзімасць не пагашана”. Найверагодней, яго прызналі вінаватым па так званай “справе “Беларускага Гаюна”: паводле чч. 1 і 2 арт. 361-4 КК РБ.

На гэтым тыдні на сайце Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавілі Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”. У ім “адзначыліся” сваімі апошнімі рашэннямі аршанскі і полацкі суды

“Пашчыравалі” суд Полацкага раёна і горада Полацка і суд Чашніцкага раёна. Мясцовыя пракуратуры зноў знайшлі “экстрэмізм”  на старонках сайтаў і сацсетак, якія не маюць аніякага дачынення да гэтых рэгіёнаў.

Як мы ўжо пісалі, паводле Указа Аляксандра Лукашэнкі  “Аб прызначэнні і вызваленні суддзяў” №46 ад 12 лютага на падвышэнне пайшла суддзя Іна Грабоўская – яна вынесла прысуд ксяндзу Анджэю Юхневічу і неаднаразова карала суткамі і арыштамі жыхароў Віцебска і Шуміліна. Замест яе на пасаду старшыні Шумілінскага райсуда прызначана Ірына Жарова. Яе перавялі з Наваполацкага гарадскога суда. Там, на пасадзе суддзі, сярод іншых яна пакарала  за ўдзел у пратэстах 2020 г. расонскага прадпрымальніка Дзмітрыя Цюкаева.